Анатоль Шумчанка: Праблемы сертыфікацыі не развязалі дагэтуль. Праз паўгода зноў пачнуцца правяранні


Супрацьстаянне індывідуальных прадпрымальнікаў і ўладаў не прынесла выгады нікому. Большасць праблемаў малога бізнесу гэтак і застаюцца неразвязаныя.

Старшыня грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка паразмаўляў з «Белсатам» пра падрыхтоўку да правядзення рэгіянальных форумаў і цяперашнія праблемы прадпрымальнікаў.

Вы казалі, што толькі «Перспектыва» дамаглася зменаў. Што гэта за змены?

Зімовыя акцыі пратэсту – гэта вынік працы «Перспектывы», форумаў прадпрымальнікаў, калі мы кансалідаваліся. Мы дамагліся таго, што ёсць пастанаўленне Вярхоўнага суду па пытанням працы індывідуальных прадпрымальнікаў з накладнымі з РФ. У гэтай пастанове прапісана, што калі фірма, якая ўказана ў накладной, зарэгістравана ў федэральным рэестры РФ, то пытанняў да беларускага прадпрымальніка ў нашых кантралюючых органаў не павінна быць.

На практыцы гэта азначае, што да пастановы прыходзіла падатковая і магла забраць увесь тавар. Яны бралі накладныя і гаварылі, што гэтыя накладныя вызываюць у нас пытанні. Пасля гэтага прадпрымальнік мусіў быў хадзіць і даказваць, што ён не злачынца. Гэтую ненармальную перспектыву «Перспектыва« змяніла. Сёння правяранні ёсць, але ўсе накладныя расейскага паходжання прымаюцца і праблемаў працы па іх мы не бачым.

Якія найбольш актуальныя праблемы застаюцца дагэтуль і якія наспяваюць новыя?

Галоўная нявырашаная праблема – праблема сертыфікацыі. Зімой дзяржаўны стандарт заявіў, што яны праверак па сертыфікацыі не будуць ладзіць цягам паўгода. У чэрвені сканчаецца гэты тэрмін. Што будзе пасля, ніхто не ведае. Калі разумець літаральна, то праз паўгода пачнуцца правяранні. А гэта канфіскацыя і буйныя штрафы.

Другое, няма гандлю. Людзі нясуць страты.

Ці маеце захады на выпадак, калі ўлады паспрабуюць сарваць вашыя бліжэйшыя форумы?

Рэгіянальныя форумы адбудуцца ў кожным выпадку з удзелам актывістаў-прадпрымальнікаў. Мэта форумаў паказаць, што мы актыўныя і працягваем барацьбу.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў