Палітык прыйшоў у другі дзень датэрміновага галасавання на адзін з участкаў Цэнтральнага раёну і заспеў групу з сямі жанчын, якіх арганізавана прывезлі мікрааўтобусам да гімназіі № 34.
Пабачыўшы, што Лябедзька здымае на тэлефон, жанчыны пачалі разыходзіцца.
«Жанчыны, а чаго вы так арганізавана сыходзіце? Вас перавозяць з аднаго ўчастку на другі. З якой вы арганізацыі?», – запытаўся старшыня АГП.
Аднак ніхто на пытанне не адказаў, пачаўшы абурацца, што іх здымаюць на камеру. Частка з жанчын паспелі прагаласаваць, але частка не паспела зайсці на ўчастак.
«Такія мілыя жанчыны, усё на іх. Вось каб мужчын арганізаваць на фальсіфікацыю, зноў гэтых мілых, слабых, добрых жанчын мабілізуюць», – паіранізаваў палітык.
Пасля непрацяглага пераследу жанчын, якія пачалі «кучкавацца» пад участкам са сваім «куратарам», Анатоль Лябедзька зайшоў у гімназію, каб паглядзець, як галасуюць іншыя.
Паводле ЦВК, за два дні датэрміновага галасавання бюлетэні ў скрыні ўкінулі ўжо 11 % выбарцаў.
Датэрміновае галасаванне – адзін з элементаў фальсіфікацыі выбараў. На гэта не першы год звяртаюць увагу як айчынныя, гэтак і замежныя праваабаронцы. Датэрмінова галасаваць змушаюць бюджэтных працаўнікоў, вайскоўцаў і студэнтаў. Сёлета бюджэт арганізацыі выбараў складзе каля $ 10,5 млн.
ДР belsat.eu