Анатоль Лябедзька: Улада хоча запалохаць і падвесіць на кручок усіх – і Някляева, і Статкевіча, і мяне


Не было позвы, адваката і нават самога адказчыка. Але для суда Цэнральнага раёну Менску гэта не перашкоды.

Былы палітзняволены і адзін з лідараў беларускай апазіцыі Мікола Статкевіч аштрафаваны завочна – больш як на сем мільёнаў рублёў. Падстава – арганізацыя і ўдзел апазіцыянера ў пікеце 10 верасня ў сталіцы. Хаця ўлады і спрабуюць захаваць добры твар пры дрэннай гульні перад выбарамі ды ціснуць на нязгодных паціху, ня выключана, што завочны суд над Статкевічам далёка не апошні бліжэйшымі днямі.

У той сам дзень, што і Мікола Стакевіч, інфармацыю аб неабходнасці з’явіцца дзе трэба атрымаў іншы апазіцыйны палітык Уладзімір Някляеў. Да адзінаццатай гадзіны сёння ён мусіў прыйсці ва ўпраўленне ўнутраных справаў Цэнтральнага раёну Менску.

УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, АПАЗІЦЫЙНЫ ПАЛІТЫК:

«Я пайшоў каб даць тлумачэнні, але не было каму даваць. Таго чалавека, які мяне выклікаў не было на ягоным службовым месцы«.

Чаго маглі датычыць тлумачэнні здагадацца лёгка. Зрэшты паседжанне, якое амаль у той сам час у таямніцы прайшло ў будынку суда Цэнтральга раёну Менску развеяла ўсе сумневы. Паводле судовага рашэння, былы палітзняволены Мікола Статкевіч атрымаў больш за сем мільёнаў штрафу за ўдзел у пікеце 10 верасня ў Менску.

МІКОЛА СТАТКЕВІЧ, БЫЛЫ ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫ:

«Грамадства запалоханае. Нам прапануюць нейкія фікцыйныя выбары, з фэйкавымі апазіцыйнымі кандыдатамі. Мы мусім неяк рэагаваць! Гэтага вымагае пачуццё элементарнага гонару».

Таксама і Уладзімір Някляеў не выключае, што суд мог адбыцца і над ім, але пра яго месца і вынікі апазіцыянер пакуль не ведае. Ці такое азначае новы сцэнар Аляксандра Лукашэнкі перадвыбарчых разбіральніцтваў з апанентамі?

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:

«Ён атрымаў абяцанне, што калі ўсё пройдзе больш менш прыстойна, то ён з Міколам можа збіраць чамаданы ды ехаць у еўратур. Гэта вельмі моцная для Лукашэнкі спакуса. Ён вельмі амбітны чалавек і хацеў бы прайсціся па чырвонай дарожцы да Елісейскага палацу. Для яго б гэта азначала перамогу ў 20 гадовым супрацьстаянні з Захадам».

Яшчэ да нядаўна ўдзельнікаў несанкцыянаваных акцыяй дастаўлялі ў суд сілаю, а прысуджэнне адміністратыўных арыштаў праходзіла далёка не ў завочным рэжыме.

А гэтак раней сілавікі распраўляліся з тымі, хто наважыўся пратэставаць на вуліцы. Інакш было падчас адной з апошніх акцыяй апазіцыі ў Менску. Пікет 10 верасня хоць і праходзіў у прысутнасці безлічы людзей у «цывільным», прымяняць сілу міліцыя не наважылася.

Аднак усё гэта часовая з’ява – лічаць прадстаўнікі апазіцыі. Адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў можна спадзявацца новай хвалі рэпрэсіяў. Не выключана, што яшчэ да дня галасавання ціску зазнаюць лідары беларускай апазіцыі. Такое не выключае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які сам у кожную хвіліну можа атрымаць позву ў суд за арганізацыю пікету прысвечанага 16 гадавіне знікнення палітыкаў.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, АБ’ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:

«Толькі ў беларускай судовай сістэме такое магчыма. Выклікаць у суд смс-каю, а пасля без яго ладзіць судовы працэс. Гэта яшчэ адно сведчанне, што хочуць перад серадою, на якую прызначаны народны сход, запалохаць і падвесіць на кручок усіх: і Някляева, і Стакевіча і Лябедзьку».

Галоўны арганізатар пікету Мікола Статкевіч, заклікае ўсіх ахвотных прыйсці заўтра а 18-ай гадзіне на Плошчу Свабоды ў Менску. Галоўныя тэмы: выбары і палітыка Аляксандра Лукашэнкі.

МІКОЛА СТАТКЕВІЧ, БЫЛЫ ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫ:

«Я хачу сказаць людзям: не бойцеся! Я не баюся і вы не бойцеся. Прыходзьце пагаворым пра тое, што гэты чалавек нарабіў у нашай краіне за апошнія 20 гадоў. Даўно пара! Насьпела!«.

Яшчэ адзін мітынг у Менску апазіцыя плануе правесці за тыдзень да дня галоўнага галасавання. Гэтым разам апаненты Аляксандра Лукашэнкі будуць патрабаваць ад улады адмены рашэння аб размяшчэнні ў Беларусі расейскіх вайсковых базаў.

Ян Бабіцкі, belsat.eu

Стужка навінаў