Анархісты вывесілі банер «Волю Паліенку» на менскім мосце


Палітвязень правядзе за кратамі яшчэ год і тры месяцы.

У знак салідарнасці са Змітром Паліенкам на адным з мастоў Менску анархісты павесілі банер са словамі «Волю Паліенку».

Зміцер Паліенка адбывае двухгадовы тэрмін зняволення ў калоніі ў Бабруйску, дзе вырабляе пальчаткі. Паліенка мае ў калоніі статус «экстрэміста», ён носіць на вопратцы жоўтую бірку.

Зміцер Паліенка – былы актывіст Нацыянал-бальшавісцкай партыі, ад 2014-га – у анархісцкім руху.

Летась падчас велапрабегу «Крытычная маса» паміж Паліенкам і працаўнікамі ДАІ адбыўся штурханіна, у выніку якой супраць актывіста распачалі крымінальную справу паводле артыкулу 364 («гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў»).

У жніўні мінулага году ў сацыяльнай сетцы Змітра праваахоўнікі знайшлі відэа трохгадовай даўніны, і абвінавацілі яго таксама паводле часткі 2 артыкулу 343 («выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару»).

Сёлета ў сакавіку Змітру адмянілі адтэрміноўку адбыцця тэрміну з-за палітычнай актыўнасці. Ён атрымаў два адміністратыўных правапарушэння за пікет у Курапатах і «марш недармаедаў».

«Для адмены адтэрміноўкі неабходныя тры адміністрацыйныя правапарушэнні, таму трэцяе было сфальсіфікаванае», – пішуць паплечнікі Паліенкі на старонцы «Рэвалюцыйнае дзеянне».

У красавіку суддзя Алена Капцэвіч з суду Заводскага раёну Менску пазбавіла яго адтэрміноўкі пакарання. Актывіста скіравалі ў калонію.

Праваабаронцы прызналі Змітра Паліенку палітычным зняволеным. Беларускія юрысты вядуць перамовы з Amnesty International аб наданні Паліенку статусу «вязня сумлення». Наданне статуса будзе азначаць, што пра справу Паліенкі будуць пастаянна ўзгадваць на міжнародным узроўні.

ДД

Глядзі таксама
Каментары