У Менску анархісты паставілі сябе да сценкі


Актывісты правялі ў цэнтры Менску акцыю салідарнасці з палітвязнямі і заклікалі «паўстаць у абарону сваіх правоў».

«Пакуль у гэтай краіне ёсць людзі, якія пазбаўленыя волі толькі за свае ідэалы, за сваю нязгоду з пануючым гвалтам з боку дзяржавы, з шматлікімі абмежаваннямі, забаронай і цэнзурай – кожны з нас, дзе б мы не знаходзіліся, не можа адчуваць сябе свабодным, – заявілі ў размове з «Белсатам» актывісты анархісцкага руху. – Цяпер мы маем двух палітвязняў – Змітра Паліенку і Міхаіла Жамчужнага. 32 чалавекі (16 з якіх знаходзяцца за кратамі) абвінавачваюць у падрыхтоўцы масавых закалотаў».

Паводле анархістаў, «маўклівы дазвол і згода – зялёнае святло для дыктатарскага рэжыму, заснаванага на паліцэйскім бязмежжы».

«Мы заклікаем перастаць быць пакорлівымі ценямі, што праходзяць міма выклікаў сучаснасці», – заявілі актывісты.

Удзельнікі акцыі заклікалі праявіць «салідарнасць з тымі, хто пацярпеў за свае перакананні».

Акцыя была прымеркаваная да Дня нараджэння асуджанага Змітра Паліенкі.

ДД

Стужка навінаў