Анархісты пашкодзілі ў Менску тры міліцэйскія шчыты з сацыяльнай рэкламай


У сталіцы анархісты закідалі міліцэйскія рэкламныя шчыты ёмістасцямі з фарбаю. Відэаматэрыялы і адпаведную заяву яны распаўсюдзілі 15 траўня.

«Гэтай акцыяй мы хочам выказаць сваю салідарнасць з усімі пацярпелымі ад дзеянняў праваахоўных органаў падчас акцыі «Крытычная маса» 29 красавіка. Як бачна, чакаць рэпрэсіўных дзеянняў варта абсалютна ад усіх міліцэйскіх структураў, у тым ліку і працаўнікоў ДАІ. Паводле ўказання зверху яны гатовыя выконваць любыя загады і запыты ўладаў, нават самыя недарэчныя», – гаворыцца ў заяве.

На адным з залітых фарбаю білбордаў выявы міліцыянтаў суправаджае надпіс «Ваша бяспека ў надзейных руках». На двух іншых намалявана, як супрацоўнік ДАІ трымае ў руках зборнік Правілаў дарожнага руху. «Верагодна, гэта павінна сімвалізаваць, што ДАІ – гарант выканання правілаў на дарозе, – адзначаюць прадстаўнікі руху анархістаў. – Але гэта далёка не так. Дастаткова прыгадаць выпадак у Воршы, дзе пʼяны працаўнік ДАІ збіў дзяўчынку на дарозе. Відавочна, што гэтая структура, як і ўся міліцыя, служыць цалкам іншым мэтам – не нашаму спакою і парадку на дарогах, а кантролю і нагляду за намі».

«Штрафы ды «ліпавыя» адміністрацыйныя пратаколы сталі спосабам пакараць нязгодных, як гэта было на акцыях «Стоп бензін» і «Стоп падатак», самая ж ДАІ да падтрымання парадку мае роўна такое ж дачыненне, як і беларуская міліцыя ў цэлым. Нядаўні выпадак з «Крытычнаю масаю», дзе міліцыя і ДАІ груба ды бесцырымонна затрымала ўдзельнікаў акцыі, якая праводзіцца па ўсім свеце, паказвае, для чаго існуюць сілавыя структуры – для кантролю над намі ды навязвання нам волі багачоў і чыноўнікаў», – гаворыцца ў заяве анархістаў.

Таксама анархісты паведамілі, што акцыя, праведзеная на знак салідарнасці з затрыманым на роварным прабегу «Крытычная маса» анархістам Дзмітрыем Паліенкам, які цяпер застаецца ў жодзінскім СІЗА.

Увечары 29 красавіка ў Менску затрымалі не менш за шэсць раварыстаў – удзельнікаў акцыі «Крытычная маса», у тым ліку Паліенку, якога падазраюць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні працаўніка ДАІ. Як паведамілі праваабаронцы, прыблізна 35 чалавек сабраліся каля Опернага тэатру, каб праехаць па горадзе на роварах і заявіць аб правах раварыстаў на дарозе.

Грамадская акцыя «Крытычная маса» штомесяц цягам 20 гадоў бесперашкодна ладзіцца ў больш як 300 гарадах свету. Яе мэта – папулярызацыя роварнага руху, развіццё гарадской транспартавай інфраструктуры ды прыцягненне ўвагі да праблемаў засілля аўтатранспарту ў горадзе, што адмоўна ўплывае на стан навакольнага асяроддзя і ўзровень бяспекі дарожнага руху.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў