Анархіст выйшаў «з сутак». Яго зноў будуць судзіць


Берасцейскага анархіста Андрэя Дзенюшкіна, арыштаванага на пяць сутак за ўдзел у пратэстах 5 сакавіка, зноў будуць судзіць.

Маладзён павінен быў 10 сакавіка выйсці на свабоду з берасцейскага ізалятара часовага ўтрымання. Сустракаць хлопца прышлі сябры, сваякі і журналісты. Але ў вызначаны час Дзенюшкін з ізалятару не выйшаў, супрацоўнікі міліцыі адмаўляліся даваць любую інфармацыю якая тычылася Андрэя, толькі праз дзве гадзіны маці Дзенюшкіна даведалася, што хлопец зноў затрыманы і яго будуць судзіць 13 сакавіка.

Супрацоўнікі Ленінскага РАУС ахоўваюць ізалятар часовага ўтрымання ад журналістаў.

Міліцыянты заміналі працаваць медыям – падставай для забароны было тое, што нібыта ў журналістаў няма дазволу на здымку на тэрыторыі рэжымнага аб’екта, а пазней міліцыя перакрыла ўваход на тэрыторыю Ленінскага РАУС для грамадзянаў. Як паведаміў «Белсату» супрацоўнік міліцыі Руслан Вярэніч, на тэрыторыі РАУС праводзіцца аперацыя «Шчыт».

Маёр Руслан Вярэніч (у цэнтры) распачынае на тэрыторыі РАУС аперацыю «Шчыт».

За ўдзел у пратэстах 5 сакавіка ў Берасці асудзілі Андрэя Дзенюшкіна, Руслана Халікава, Аляксандра Казлянку, Паўла Завадскага і Дзмітрыя Леўчука. Анархістаў затрымалі супрацоўнікі ў цывільным, калі маладзёны вярталіся дадому.

Аляксандр Казлянка выйшаў на свабоду 9 сакавіка, але замест яго быў затрыманы Андрэй Марач, які прынёс перадачу маладзёнам. Сёння Андрэй атрымаў 5 содняў арышту. Яшчэ адзін прадстаўнік руху анархістаў быў аштрафаваны на дзесяць базавых велічыняў.

Таксама ўчора затрымалі дзеўчыну Аляксандра Казлянкі. У аддзяленні яе абшукалі, зладзілі допыт, пыталіся пра марш, аб яе ўдзеле ў ім, пагражалі праблемамі на працы і вучобе. Усё гэта фіксавалася на камеру. На пытанне дзяўчыны пра прычыну яе затрымання не адказвалі, але напрыканцы паведамілі, што затрымалі для ўстанаўлення асобы. Аляксандра лічыць, што ўсё гэта было зроблена з мэтай запалохвання, што пацвярджаецца неаднаразовым выкарыстаннем спецпрыёмаў з боку супрацоўнікаў міліцыі і «парадамі» больш у падобнае не ўлазіць.

АС

Глядзі таксама
Каментары