Аналітыкі з ЗША распавялі, як санкцыі Захаду супраць Расеі адбіліся на Беларусі


Заходнія санкцыі значна больш пашкодзілі Расеі, чым расейскія контрсанкцыі Захаду, сцвярджае прыватная аналітычная кампанія з ЗША.

Беларусь атрымала заўважныя эканамічныя выгады ад таго, як краіны Захаду ўвялі эканамічныя санкцыі супраць Расеі, што ў адказ выклікала адмову Масквы ад набыцця прадуктаў сельскай гаспадаркі з гэтых краін, паведаміла прыватная аналітычная кампанія «Stratfor».

У той ж час краінам, якія шчыльна звязаныя з Расеяй эканамічна, пагражае і крызіс расейскай эканомікі, што выкліканы эканамічнай палітыкай Масквы, празмерна залежнай ад коштаў на нафту.

Амерыканская кампанія «Stratfor» (Strategic Forecasting, Inc.) спецыялізуецца на прагнозах і ацэнках стратэгічнай сітуацыі ў свеце і асобных рэгіёнах, набірае на працу былых працаўнікоў выведкі і экспертаў, за плату прапаноўваючы свае інфармацыйна-аналітычныя прадукты дзяржаўным і недзяржаўным арганізацыям.

У 2 аналітычных артыкулах, якія апублікавалі цягам жніўня, «Stratfor» адзначыў як рызыкі, гэтак і плюсы, якія атрымалі краіны постсавецкай прасторы ад эканамічнай вайны паміж Захадам і Масквой.

«Дзве краіны, якія могуць быць асабліва закранутыя, гэта Беларусь і Казахстан. Абедзве шчыльна інтэграваныя ў расейскую эканоміку праз Мытны саюз і, з 2015 года, Еўразійскі звяз», – гаворыцца ў справаздачы.

Сярод іншага, Беларусь мае ў Расеі свой самы буйны экспартны рынак, які складае 45 % ад агульнага беларускага экспарту ці $ 16,7 млрд у 2013 годзе. Дадаткова беларуская эканоміка цалкам залежыць ад паставак расейскай нафты і газу, а беларускі дзяржаўны бюджэт таксама ад фінансавага падтрымання РФ у выглядзе крэдытаў.

У выніку Міжнародны валютны фонд лічыць, што менавіта Беларусь больш за ўсё рызыкуе з прычыны аслаблення расейскай эканомікі. Звужэнне расейскага рынку і замаруджванне эканамічнага развіцця РФ прыводзіць да зніжэння продажаў беларускіх прамысловых і спажывецкіх тавараў у Расеі. Пры гэтым Беларусі не так лёгка пераключыцца са слабога расейскага рынку на іншыя. Менск сам перабывае ў ізаляцыі ад Захада.

«З іншага боку, аднак, Беларусь можа атрымаць выгады ад расейскай эканамічнай ізаляцыі. Напрыклад, Расея можа імпартаваць больш беларускіх прадуктаў малочнай прамысловасці пасля таго, як Масква забараніла імпарт з ЗША, Еўрапейскага звязу і праеўрапейскіх краінаў, такіх, як Украіна і Малдова», – адзначае «Stratfor».

[vc_single_image image=”368103″ img_size=”large”]

Кампанія адзначае, што заходнія санкцыі значна больш пашкодзілі Расеі, чым расейскія контрсанкцыі – Захаду.

«У той час, калі санкцыі ЗША і ЕЗ нанеслі шкоду эканоміцы РФ, што прывядзе, як чакаецца, да буйной рэцэсіі ў 2015 годзе, расейскія контрсанкцыі не мелі такога эфекту на Захадзе… Больш за ўсіх (сярод заходніх краін) у абсалютных лічбах страцілі ад расейскіх санкцый Нямеччына, Нарвегія, Польшча, Літва і Данія. Аднак для ўсіх іх, апроч Літвы, страчаны экспартны аб’ём не перавышаў 1 % ад агульнага іх экспарту», – напісана ў аналізе «Чаму расейская забарона імпарту ў цэлым правалілася», – адзначаецца ў справаздачы.

Больш за тое, Еўрапейскі звяз павялічыў экспарт у Беларусь і Казахстан, што дазволіла гэтым краінам, захаваўшы забяспечанасць унутранага рынку, павялічыць імпарт у Расею.

Гэткім чынам летась, у параўнанні з 2013 годам, Беларусь павялічыла экспарт морапрадуктаў у РФ на 44 %, гароднікі – на 60 % фруктаў і арэхаў – на 44 %.

Аднак гэтыя набыткі могуць быць кароткатэрміновыя і хаваць у сабе будучую слабасць, калі беларуская эканоміка толькі павялічыць сваю залежнасць ад Масквы, якая слабее эканамічна, а не выкарыстае ўсе шанцы для пошуку новых рынкаў і рэформаў эканомікі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў