«Аналітычная запіска ФСБ-ГРУ» або як Беларусь перажыла вучэнні «Захад-2017»


Карэспандэнт belsat.eu Ігар Ільяш, які разам з Кацярынай Андрэевай асвятляў вучэнні «Захад-2017», размаўляў з вайскоўцамі і жыхарамі суседніх з палігонамі населеных пунктаў, дзеліцца сваймі ўражаннямі ад манеўраў і прапануе паразважаць, як іх ацанілі ў Крамлі.

Лукашэнка на Барысаўскім палігоне

Вучэнні «Захад-2017» абышліся без анексіі Беларусі, новай агрэсіі супраць Украіны або Трэцяй сусветнай вайны. У гэтым сэнсе вынікі манеўраў выглядаюць трохі беднавата. Але калі разглядаць «Захад-2017» як праверку для Беларусі, то недахопу фактуры для аналітыкі не будзе. Прычым не толькі той аналітыкі, якую публікуюць у СМІ.

Вядома, што свае высновы з такіх маштабных вайскова-палітычных падзеяў робяць і спецслужбы. Давайце ж паспрабуем уявіць сабе, якой была б аналітычная запіска ФСБ ці ГРУ РФ наконт беларускага аспекту вучэнняў «Захад-2017».

1. Стаўленне да расейскіх вайскоўцаў сярод асноўнай масы насельніцтва Беларусі альбо падкрэслена лаяльнае альбо абсалютна абыякавае.

Аб’ездзіўшы ўсе беларускія населеныя пункты ля месцаў правядзення вучэнняў «Захад-2017» магу сказаць, што я амаль не сустрэў людзей, якія б негатыўна ўспрымалі прыезд расейскіх вайскоўцаў. Людзі ў вёсках або раённых цэнтрах маглі наракаць на некаторыя абмежаванні (забарона на збіранне грыбоў ды ягадаў на палігоне, каменданцкая гадзіна ды інш.), але ставіліся да гэтага ўсё ж з паразуменнем. «Трэба дык трэба», – найбольш папулярны адказ маіх суразмоўцаў на пытанне наконт беларуска-расейскіх манеўраў. Сустракаліся, канешне, і больш адыёзныя адказы кшталту «мы ж браты» і «у нас адзіная вера», але ў асноўным стаўленне было абсалютна абыякавае. Вучэнні асабліва не зачапілі людзей, а разбірацца ў тым, навошта праводзяцца такія манеўры, ці застанецца тут расейскае войска і наогул ці ўяўляе яно нейкую пагрозу для Беларусі ніхто нават і не думаў. І нічога дзіўнага, шчыра кажучы, у гэтым няма: з чаго б разважалі пра вялікую палітыку жыхары вёскі Дрэтунь, дзе існуюць штодзённыя праблемы з сувяззю і электрычнасцю, зачынена чыгуначная станцыя і не хапае працы?

Вёска Дрэтунь

2. Грамадзянская супольнасць вельмі слабая і не здольная мабілізавацца на антырасейскія пратэсты нават у тых выпадках, калі ціск на іх не аказваецца.

Трыста чалавек на мітынгу Мікалая Статкевіча супраць вучэнняў «Захад-2017» – гэта, безумоўна, вельмі кепская карцінка для вонкавага назіральніка. Сярод беларускіх аналітыкаў выказваліся розныя думкі наконт таго, чаму ўлады не сталі арыштоўваць Статкевіча і разганяць дэманстрацыю. Сярод іх гучала і такая: Менск, маўляў, адмыслова хацеў паказаць Маскве, што ў краіне ёсць тыя, хто гатовы аказаць супраціў Расеі. На маю ж думку, улады цудоўна разумелі, колькі чалавек выйдзе на Кастрычніцкую плошчу і не перашкаджалі дэманстрантам, каб даслаць Маскве зусім іншы мэседж: любыя абвінавачванні ў русафобіі ў Беларусі беспадстаўныя, супраць Крамлю выступае толькі «купка маргіналаў».

КПП у Глыбокім

3. Грамадскі кантроль адсутнічае, ніякага назірання за перасоўваннем расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі не вялося.

Мае галоўнае ўражанне ад «Захаду-2017» – гэта станцыя Верайцы пад Асіповічамі, дзе ў жніўні разгружаліся, а цяпер загружаюцца ў эшалоны расейскія вайскоўцы. Калі мы ўпершыню ехалі на месца разгрузкі расейскай тэхнікі, то я чакаў пабачыць схаваную ад вачэй пляцоўку, на далёкіх подступах да якой нас сустрэне міліцэйскае ачапленне.

Рэальнасць была зусім іншай. Ніякага ачаплення там фактычна не было, да расейскіх вайскоўцаў можна было свабодна падыходзіць і гутарыць з імі. Выгрузка і загрузка расейскай тэхнікі адбывалася насупраць прасторнага будынку мясцовага вакзалу, дзе ёсць зала чакання і білетная каса. Станцыя падчас вучэнняў дзейнічала ў звычайным рэжыме – то бок, пасажырскія электрычкі, што ходзяць тут кожную гадзіну, спыняліся непасрэдна ля расейскай тэхнікі, якую можна было свабодна фатаграфаваць і здымаць, не рызыкуючы быць затрыманым. Акрамя таго, непасрэдна да чыгункі прылягае вёска Верайцы, адкуль таксама бачна ўсё, што адбываецца на станцыі.

Расейскія САУ у Верайцах

То бок пляцоўка з расейскімі вайскоўцамі праглядаецца з усіх бакоў на 100 адсоткаў, тэхніка там была як на далоні (кажуць, што нешта падобнае было і пад Барысавам). У такіх умовах колькасць расейскіх вайскоўцаў і танкаў, што прыбылі ў Беларусь, можна было б падлічыць з матэматычнай дакладнасцю – трэба было проста зладзіць 24-гадзінную вахту з грамадскіх актывістаў на станцыі Верайцы. Але ніхто нават не паспрабаваў гэта зрабіць, таму кампанія па грамадскім назіранні за вучэннямі засталася ў Беларусі справай выключна віртуальнай. Мімаволі ў галаву прыходзяць словы кантрактніка Кантэміраўскай дывізіі: «Калі б мы хацелі вас акупаваць – мы б акупавалі і вы нават не зразумелі б нічога. Проста хадзілі б потым і афігевалі, што сталі расейцамі».

А насамрэч, як бы мы гэта зразумелі? Надзея хіба толькі на зводкі Мінабароны…

4. Беларускія ўлады не маюць нават элементарных уяўленняў аб прынцыпах вядзення інфармацыйнай вайны. Дзяржаўныя СМІ і прэс-службы не здольныя аператыўна рэагаваць на ўкіды і наогул не лічаць неабходным гэта рабіць.

Танкі Кантэміраўскай дывізіі на станцыі Верайцы

Гісторыю з «маршам» 1-й расейскай танкавай арміі на Беларусь у першы дзень вучэнняў трэба лічыць узорным прыкладам інфармацыйнай правакацыі. Потым, нагадаю, з’явілася інфармацыя пра перакідванне пскоўскіх, іванаўскіх і тульскіх дэсантнікаў у невядомым напрамку і толькі праз чатыры (!) гадзіны незалежныя журналісты выцягнулі з прэс-службы Мінабароны Беларусі зняпраўджванне расейскага фэйку. Цяпер гэта ўспрымаецца проста як гульня на нервах Лукашэнкі і беларускага грамадства, але падобныя ўкіды могуць несці і цалкам канкрэтны практычны сэнс. Уявіце сабе, што адразу пасля інфармацыі пра «танкавы марш на Беларусь» крамлёўскія СМІ распаўсюдзілі б фэйк пра тое, што беларускія вайсковыя часткі адна за адной вывешваюць расейскія сцягі, мясцовыя ўлады разбягаюцца, а праваахоўнікі пераходзяць на бок Расеі (а танкі пры гэтым сапраўды б ішлі на Беларусь). Уявіце сабе, якая паніка апанавала бы беларускім грамадствам, да якой ступені былі б дэзарыентаваныя мясцовыя ўлады, сілавікі і вайскоўцы за тыя чатыры гадзіны, якія патрэбны прэс-службе Мінабароны дзеля таго, каб прачнуцца і зняпраўдзіць фэйк. Дарэчы, з гісторыі мы ведаем шмат прыкладаў, калі недахоп праўдзівай інфармацыі прыводзіў да эпахальных падзеяў.

Станцыя Верайцы

5. Нават палітычна актыўная частка грамадства ў расейскую пагрозу не верыць, усурёз яе не ўспрымае, таму на хуткую рэакцыю ў выпадку абвастрэння сітуацыі разлічваць не трэба.

Насычанае жыццё «Вейшнорыі» ў сацыяльных сетках само па сабе тэма для вялікага даследавання сацыяльна-псіхалагічных асаблівасцяў беларускага грамадства, ягоных слабых месцах і інструментаў для маніпуляцый на пытанні нацыянальнага сепаратызму. Але для пачатку падобны сыход з рэальнасці выдатна даказвае, што ў расейскую пагрозу (пра што грамадзянская супольнасць актыўна гаворыць з часоў анексіі Крыму) усурёз ніхто не верыць. Фэйсбук нават актыўней абмяркоўваў уварванне Саакашвілі ва Украіну, чым расейскія танкі пад Барысавам.

Верталёт ля Даманаўскага палігону

***

Вядома, што ўсе гэтыя тэзісы – істотнае спрашчэнне. Насамрэч мы, безумоўна, маем больш складаную карціну. Але звонку ўсе выглядае менавіта так. Гэта добрая нагода задумацца: а што насамрэч было б з намі, калі б марш 1-й танкавай арміі быў не фэйкам?

 

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў