«Amnesty International» абвінаваціла абодва бакі канфлікту ў Данбасе ў катаваннях палонных


Такія звесткі ўтрымліваюцца ў адной з апошніх справаздачаў няўрадавай арганізацыі. Паводле «Amnesty International», з абодвух бакоў палонных збіваюць, ламаюць ім косткі, катуюць электрашокерамі, наносяць нажавыя раненні, падвешваюць, пазбаўляюць сну, пагражаюць і адмаўляюць у медычнай дапамозе.

Справаздача базуецца на сведчаннях 17 вайскоўцаў, якія пабывалі ў палоне ДНР/ЛНР і 16 чалавек, якія трапілі ў палон украінскай арміі, СБУ ды іншых праваахоўных органаў Украіны.

Сёлета «Amnesty International» знайшла як мінімум пяць сведкаў таго, як адзін з лідараў баевікоў з пазыўным Матарола забіў палоннага абаронцу данецкага аэрапорту Ігара Бранавіцкага.

Цяпер ва ўкраінскім палоне застаюцца 17 расейскіх вайскоўцаў.

У расейскім палоне можа знаходзіцца да 100 украінскіх жаўнераў, паведаміў 21 траўня «Радио Вести» прадстаўнік цэнтру па вызвалення палонных і закладнікаў пры СБУ Юрый Тандыт.

«Паводле нашых падлікаў, у розны час праз мяжу перамясцілі не менш за 700 грамадзянаў Украіны, цяпер ад 200 да 400 з іх там і застаецца. Але ёсць звесткі, што шмат з іх вывезлі на Каўказ. Мы не можам дакладна сказаць, колькі сотняў цяпер там знаходзіцца. Таму што на Каўказе іх ужо не ўтрымліваюць у СІЗА», – распавяла валанцёр у размове з openrussia.org.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў