Амлет на шашы з 3,5 тонаў яек – незвычайная аварыя пад Баранавічамі


У выніку начной аварыі на дарогу вылецелі некалькі тонаў далікатнага грузу.

Інцыдэнт адбыўся ў ноч з 27 на 28 снежня на трасе Берасце-Менск недалёка ад Баранавічаў.

Кіроўца Кобрынскай птушкафабрыкі на грузавым аўтамабілі «ГАЗ» вёз тры з паловай тоны курыных яек. У пэўны момант мужчына звярнуў увагу на тое, што машыну пачало вадзіць у бакі. Паглядзеўшы ў вакно, ён заўважыў, што з-пад задняга масту ляцяць іскры, а таксама адсутнічаюць два задніх левых колы.

Захаваць машыну на праезджай частцы не ўдалося (дарога была мокрая), у выніку чаго цяжкавік перавярнуўся.

«Кіроўца патлумачыў, што каля трох месяцаў таму мяняў гэтыя самыя колы. Таксама перыядычна ён падкручваў шпількі, якія іх (колы) трымалі. Верагодна, у гэты раз шпількі адкруціліся, і гэтага ніхто не заўважыў», – распавёў старэйшы аўтаінспектар аддзялення ДАІ Баранавіцкага РАУС Аляксандр Яўцюхін.

Кіроўца не пацярпеў, чаго нельга сказаць пра груз, які ён перавозіў.

НМ, belsat.eu, паводле «Наш край»

Стужка навінаў