Амерыканцы забілі ў Сірыі каля 100 расейскіх наймітаў


Два падраздзяленні «прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера» панеслі цяжкія страты ў Сірыі ад агню амерыканскай авіяцыі, паведаміў у сваім блогу Ігар Стралкоў (Гіркін), былы афіцэр ФСБ РФ і кіраўнік антыўкраінскіх баевікоў на Усходзе Украіны.

Самаабарона

Больш за 100 байцоў, якія ваявалі на баку сірыйскага дыктатара Башара Асада, былі забітыя ў выніку авіяўдараў амерыканскай авіяцыі ў сераду і чацвер, паведаміў Пентагон учора вечарам.

Згодна з інфармацыяй амерыканскай крыніцы, буйная групоўка праасадаўскіх сілаў пры падтрыманні танкаў, рульнай артылерыі і ракетных сістэмаў залпавага агню атакавала пазіцыі Сірыйскіх дэмакратычных сілаў (СДС), шматэтнічнага і шматрэлігійнага ваенна-палітычнага альянсу, у якім галоўную ролю граюць курды.

Дазапраўка знішчальніка F-22 падчас начных авіяўдараў у Сірыі. Фота – US Air Force

Інцыдэнт адбыўся каля ракі Еўфрат у правінцыі Дэйр эз-Зор, і асадаўскія сілы, верагодна, хацелі адбіць у курдаў нафтавыя радовішчы ў Хушаме, распавяла крыніца Reuters.

Пры гэтым у месцы атакі, паведаміў пазней галава Пентагону Джым Мэтыс, прысутнічалі і амерыканскія аператыўнікі сілаў спецыяльнага прызначэння. Такім чынам, па ягоных словах, удары амерыканскай авіяцыі мелі характар самаабароны.

З боку ЗША ці іхных хаўруснікаў з СДС стратаў не было, паведаміла ананімная амерыканская крыніца.

Крыніцы: Расейскія найміты ў Сірыі пад бомбамі

Першай пра магчымыя страты расейцаў-наймітаў у выніку авіяўдараў паведаміла тэлекампанія CBS са спасылкай на ананімную крыніцу ў Пентагоне.

Вядома, што акрамя рэгулярных расейскіх войскаў, якія падтрымліваюць сілы Башара Асада, у краіне дзейнічаюць падраздзяленні так званай «прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера» – фармальна чыста «добраахвотніцкія» структуры, якія, аднак, трэнуюцца на палігонах Міністэрства абароны Расеі і ўжо былі заўважаныя падчас дзеянняў супраць Украіны на Данбасе.

Меркаванае кіраўніцтва «ПВК Вагнера» разам з Пуціным пасля ўрачыстай цырымоніі ў Крамлі ў канцы 2016 года. Фота – «Новая газета»

У выпадку, калі паведамленне крыніцы CBS праўдзівае, гэта першы выпадак, калі ў выніку ўдараў амерыканскай авіяцыі ў Сірыі загінулі расейцы, піша сайт тэлекампаніі.

Асобна дзве крыніцы з Пентагона праінфармавалі CNN, што амерыканскія вайскоўцы лічаць вельмі верагодным, што ў баявых дзеяннях супраць СДС удзельнічалі расейскія найміты, якія аплачваюцца Масквой. Адная з крыніцаў паведаміла, што па звестках Пентагона, сярод іх ёсць забітыя.

Афіцыйныя версіі

Афіцыйна прадстаўнік сілаў міжнароднай кааліцыі палкоўнік Сухапутных войск ЗША Томас Віле заявіў, што кааліцыя «не мае магчымасці гадаць пра дакладны склад сірыйскіх прарэжымных сілаў, якія ў гэты час атакавалі».

Міністэрства абароны Расеі суха паведаміла, што «расейскіх вайсковых службоўцаў» у раёне Дэйр-эз-Зор няма«. Што фармальна нават можа быць праўдай, бо «вагнераўцы» афіцыйна не лічацца службоўцамі расейскай арміі.

Стралкоў: «Знішчэнне і разгром»

Аднак Ігар Стралкоў (Гіркін), які мае шырокія кантакты як на Данбасе, гэтак і сярод спачуваючых яму расейскіх сілавікоў, паведаміў версію, якая не супадае з афіцыйнымі словамі Мінабароны Масквы.

«Пад выглядам сірыйцаў, страты якіх ацэньваюцца ажно ў 100 чалавек забітых, ад удараў амерыканскай авіяцыі пацярпелі 2 тактычныя падраздзяленні «Вагнера». Адно – практычна цалкам знішчанае, другое – разгромленае “у смецце”»,напісаў Гіркін у сваім блогу.

Фота магчымых расейскіх наймітаў у Сірыі з тэлефона, які патрапіў у рукі баевікоў-ісламістаў. Фота – «Новая газета»

Апошнія гады Стралкоў усё часцей і ўсё больш рэзка крытыкуе маскоўскае кіраўніцтва за слабасць і недастаткова «рашучую» палітыку ў Украіне. Ён лічыць, што расейская армія мусіць наступаць на Данбасе і заняць як мінімум усю Усходнюю Украіну, а не ваяваць у Сірыі.

«Страты, глядзячы па ўсім, вельмі блізкія да агучанай лічбы. Але не пачынаць жа «3-ю сусветную вайну» з-за нейкіх там 100 адначасова забітых расейцаў? Адказ зразумелы», – саркастычна піша Гіркін.

Згодна з афіцыйнымі паведамленнямі Цэнтральнага камандавання ВПС ЗША, у налётах удзельнічалі знішчальнікі пятага пакалення F-22, знішчальнікі F-15, баявыя беспілотнікі MQ-9.

Аляксандр Гелагаеў

Глядзі таксама
Каментары