Амерыканцы паказалі баявыя верталёты будучыні


Кампаніі «Sikorsky Aircraft» і «Boeing» паказалі на днях відэа канцэптуальнага выгляду баявога верталёта, які стане асновай вінтавой авіяцыі амерыканскай арміі, піша аўтарытэтны ваенна-тэхнічны часопіс janes.com.



Скрыншот з відэа «Sikorsky/Boeing».

Пасля шматлікіх гадоў змагання з ісламістамі ў Іраку і Афганістане Пентагон прыйшоў да высновы, што верталётны парк амерыканскіх узброеных сілаў паступова састаравае і выпрацоўвае рэсурс. У баявых умовах машыны лёталі ў пяць разоў часцей, чым у мірны час, працавалі ў крытычных рэжымах, атрымлівалі пашкоджанні, падалі на зямлю праз пашкоджанні ад агню праціўніка і праз тэхнічныя праблемы.

У сувязі з гэтым яшчэ ў 2009 годзе распачалі праграма «будучай машыны вертыкальнага ўзлёту» – «Future Vertical Lift» (FVL), у межах якой маюць стварыць верталёт з выкарыстаннем найноўшых тэхналогіяў і матэрыялаў. Плануецца, што новая машына будзе мець большую дальнасць, здольнасць несці большы груз, будзе больш манеўранай, надзейнай і зручнай для экіпажа і рамонтнікаў.

Відэа з акаўнту Lockheed Martin, уладальніка кампаніі «Sikorsky».

Пры гэтым FVL стане «сямейнаю» платформаю для стварэння машын рознага прызначэння, у сувязі з чым заменіць большасць верталётаў Сухапутных войск ЗША – і ўдарных, і транспартных, і разведвальных. Платформы FVL будуць вырабляцца ў «сярэдняй» і «цяжкай» версіях. Першыя заменяць верталёты «Apache» і «Black Hawk», а апошнія – верталёты «Chinook».

«Sikorsky» і «Boeing» абʼядналіся разам, каб падняць у паветра верталёт «Sb-1 Defiant» – дэманстратар сярэдняваговай версіі верталёта. Апублікаванае відэа дэманструе будучы выгляд менавіта гэтай машыны ў ударнай і ваенна-транспартнай версіях.



Транспартны варыянт «Defiant».

Плануецца, што хуткасць новага верталёту будзе сягаць да 474 км/г – амаль на 50% вышэй, чым у расейскага найноўшага ўдарнага верталёта Ка-52 «Алігатар». Незвычайнай асаблівасцю канструкцыі будзе наяўнасць акрамя сувосевых нясучых вінтоў штурхаючага вінта на карме.

Транспартная версія верталёта зможа несці да 12 чалавек дэсанту з узбраеннем. Ударная версія, як і знакаміты «Apache АН-64», будзе мець пушку, ракеты «паветра-паветра» і «паветра-зямля». Адзначаецца, што машына будзе мець здольнасць апераваць на большай вышыні, дзе іншыя верталёты не могуць дзейнічаць праз разраджанасць паветра.

Бліжэй да зямлі верталёт будзе вызначацца высокай манеўранасцю пры дзеяннях на невялікай хуткасці, што будзе асабліва зручна падчас баёў у гарадской забудове. Да таго ж «Defiant» будзе значна цішэйшы за іншыя верталёты, што дапаможа забяспечыць нечаканасць удару па варожых наземных сілах.



Канцэптуальны малюнак «V-280 Valor». Крыніца – bellhelicopter.com

Канкурэнтам верталёта «Sikorsky» і« Boeing» у змаганні за маштабную вайсковую замову зʼяўляецца «V-280 Valor» кампаніі «Bell». Кампанія прапаноўвае канвертаплан – то бок машыну з паваротнымі вінтамі, якая можа выкарыстоўвацца і як вінтавы самалёт, і як верталёт.

Такім чынам кампанія плануе стварыць універсальную машыну, якая можа паднімацца без разбегу, а потым рухацца з пакуль недасяжнай для верталётаў хуткасцю і на неверагодную адлегласць. Канвертаплан будзе мець хуткасць да 560 км/г, дальнасць палёту да 3,900 км. Да таго ж канвертаплан, як і «Defiant», будзе мець магчымасць дазапраўкі ў паветры.

Экіпаж транспартнай машыны будзе складацца з 4 чалавек, з іх 2 пілотаў і 2 аператараў баявых сістэмаў, таксама машына зможа браць 14 чалавек дэсанта. Акрамя транспартнага варыянту «Bell» распрацоўвае таксама ўдарную версію «V-280 Valor» і ўжо зацікавіла сваёй машынай не толькі Сухапутныя войскі ЗША, але і Корпус марской пяхоты.

Чакаецца, што першыя прататыпы «V-280 Valor» і «Sb-1 Defiant» зʼявяцца сёлета, пасля чаго вайскоўцы і інжынеры пачнуць доўгія выпрабаванні, каб выбраць найбольш эфектыўную распрацоўку.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў