Натаўскія жаўнеры захапілі Берасцейскую крэпасць: спявалі і гралі «Купалінку» для беларусаў


Упершыню пад сценамі Берасцейскай крэпасці адбыўся канцэрт аркестру амерыканскіх вайскова-паветраных сілаў у Еўропе. Выступ сабраў каля паўтысячы жыхароў і гасцей горада над Бугам.

«Калі мы выдумалі гэты праект, падобнае здавалася немагчымым, і выдатна, што нам удалося рэалізаваць задуманае», – заявіў старшыня гарвыканкаму Берасця Аляксандр Рагачук. – «У наступным годзе плануем прывезці ў Берасце аркестр ваенна-марскога флоту ЗША».

Канцэрт адкрылі гімнамі ЗША і Беларусі. Паводле саміх наведнікаў, іх уразіла мяккае гучанне беларускага гімну. У першай палове выступу музыкі гралі маршы і папуры на тэмы беларускіх народных песень, выканалі вядомыя  «Купалінку» і «Калінку-малінку», а пазней узяліся за свой баявы арсенал: саўндтрэкі да вядомых мультфільмаў «Гадкае я», «Халоднае сэрца», класічныя творы з брадвейскага і галівудскага рэпертуараў, мелодыі джазавых біг-бэндаў.

Але не абышлося і без казуса. Амерыканскія прадстаўнікі раздавалі гасцям сцягі ЗША, але як толькі пачаўся выступ, з’явілася жанчына і забрала ўсю амерыканскую атрыбутыку, паклаўшы яе ў пакет. Што праўда, у замен яна раздала чырвона-зялёныя.

Натаўскія вайскоўцы з нагоды Дня Перамогі цяпер гастралююць па нашай краіне. Заўтра 9 траўня яны прыедуць у Менск, каб узяць удзел у святочных мерапрыемтсвах, сярод іншага – у парадзе.

Аркестр ваенна-паветраных сілаў ЗША ў Еўропе створаны ў 1943 годзе. Гэты музычны калектыў мае на мэце не толькі захоўванне музычных традыцыяў амерыканскага войска, але і спрыянне добрым дачыненням паміж ЗША ды іншымі краінамі ў Еўропе.

ДР, ЛС, belsat.eu

Стужка навінаў