Амерыканскія танкі за 700 км ад мяжы РБ. Што чакаць беларусам, палякам, літоўцам?


Балтыйскія краіны перастаюць баяцца, Расея працягвае напружвацца, а Польшча спадзяецца на шматмільённыя інвестыцыі. На гэтым тыдні ў польскі горад Жагань прыбыла першая партыя «Абрамсаў».

Эксперты лічаць, што на ўзмацненне ўсходняй сцяны НАТО Амерыка гатовая выдаць $ 3,4 млрд, на інвестыцыі ў Польшчы пойдзе некалькі соцень мільёнаў долараў. Прынамсі такія лічбы агучвала папярэдняя польская адміністрацыя. Ці высілкі ў гэтым напрамку будуць працягвацца, пакуль сказаць цяжка, але будучы шэф Пентагону Джэймс Мэтыс ўжо заявіў, што плануе супольна са сваймі падначаленымі выпрацаваць праект стратэгіі для супрацьстаяння Расеі на сусветнай арэне.

На гэтым тыдні першая партыя жаўнераў і тэхнікі 3-й брыгаднай баявой групы танкавых войскаў з Форту Карсан у штаце Каларада прыбыла ў горад Жагань.

Афіцыйнае вітанне іх палякі зладзяць сёння а 14:00 (16:00 паводле беларускага часу).[/vc_column_text][vc_single_image image=”422513″ img_size=”large” add_caption=”yes” alignment=”center”][vc_column_text]Неўзабаве да іх далучацца верталётныя групы, каб у выпадку чаго падтрымаць броневойскі з паветра.

Польская дзяржава разлічвае на развіццё інфраструктуры палігонаў і аэрадромаў, будаўнічыя фірмы – на буйныя замовы па ўзвядзенні новых казармаў і гімнастычных залаў, малы бізнес – на тысячы новых кліентаў у крамах, барах і цырульнях.

Уладальнікі кавярняў у наваколлі размяшчэння амерыканскіх войскаў ужо пераклалі меню на ангельскую і скіравалі персанал на моўныя курсы.

Гістарычны момант

Амерыканскія танкі цяпер будуць стаяць у Польшчы бестэрмінова.

Крок амерыканцаў, якія адгукнуліся на просьбы Польшчы пасля Крыму і Данбасу падтрымаць іх не толькі на паперы, але і рэальна, ухваліў вайсковы журналіст Ярамір Шцэціна, які ачольвае цяпер падкамітэт па бяспецы і абароне ў Еўрапарламенце.

«Калі будзе нейкая агрэсія ў выглядзе «зялёных мужычкоў», балтыйскія краіны трэба падтрымаць – нават і вайсковым чынам», – заявіў Шцеціна «Белсату» .

Пасля анексіі Крыму ў 2014-м Захад адрэагаваў толькі гаспадарчымі санкцыямі, вайсковая рэакцыя наступае практычна толькі сёння – і будзе цягнуцца да красавіка, калі ўсцяж усёй мяжы Беларусі з Еўразвязам (то бок, НАТО і АДКБ) будзе паўставаць своеасаблівая абаронная сцяна, створаная з чатырох ратацыйных базаў хаўруснікаў.

Найбліжэй да беларускай мяжы будуць стаяць карпусы амерыканскай і нямецкай мотапехоты у польскім Ожышу і літоўскай Рукле адпаведна.

Тысяча жаўнераў пад брытанскім камандаваннем размесціцца ў эстонскім мястэчку Тапа, яшчэ адна тысяча пад камандаваннем канадскіх генералаў – у латышскай Адазі.

Дамова пра гэта стала галоўным вынікам ліпеньскага саміту НАТО ў Варшаве.

Сілы, якія НАТО перакідвае да нашых суседзяў – сімвалічныя, але яны ўжо супакойваюць латышоў, літоўцаў і эстонцаў тым, што ў выпадку магчымай агрэсіі з боку Расеі яны аўтаматычна будуць уцягнутыя ў канфлікт, а значыць, хаўруснікі па альянсе – з Еўропы і з-за акіяну – не змогуць яго праігнараваць.

Дзяніс Дзюба


У апошнім выданні «ПраСвету»:

У чым сакрэт візавага трука Лукашэнкі? Чаму не трэба баяцца амерыканскіх танкаў у Еўропе? Ці будзе расейская база ў Беларусі? Дзе больш палітвязняў – у Беларусі ці ў Расеі? Як адолець смог? Глядзіце «ПраСвет» з Алінай Коўшык.

Стужка навінаў