Амерыканскія навукоўцы мяркуюць, што знайшлі месца для жыцця на Марсе


Даследчыкі са Злучаных Штатаў выказалі здагадку, што размешчанае на Чырвонай планеце плато Таўмасія (Thaumasia Planum) можа быць прыгоднае для жыцця.

Пра гэта гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным у навуковым выданні «Journal of Geophysical Research: Planets».

Даследчыкі прыйшлі да высновы, што плато Таўмасія ўтварылася ў выніку вулканічнай дзейнасці. Таксама ў раёне плато была выяўленая вялікая канцэнтрацыя серы і калію.

На думку навукоўцаў, прысутнасць гэтых двух хімічных элементаў можа сведчыць пра наяўнасць у гэтым рэгіёне вады ў адным з яе агрэгатных станаў. А гэта, можа зʼяўляцца прыкметай наяўнасці жыцця на плато.

Большасць дадзеных, на якія абапіраліся даследчыкі, былі атрыманыя пры дапамозе запушчанага ў 2001 годзе апарату «Mars Odyssey Orbiter». У цяперашні час на арбіце Марса знаходзяцца пяць станцыяў. З іх тры – амерыканскія: «Mars Odyssey» (з 2001 года), MRO (з 2006 года) і MAVEN (Mars Atmosphere and Volatile EvolutioN, з 2014 года).

ЮВ, belsat.eu, паводле astronomynow.com

Глядзі таксама
Каментары