Амерыканскі студэнт атрымаў 15 гадоў турмы за «спробу падарваць адзінства карэйскага народу»


На фота: амерыканскі студэнт падчас судовага паседжання

Некалькі месяцаў таму хлопец сарваў прапагандысцкі плакат у пхеньянскім гатэлі для замежнікаў. Паўночнакарэйскія суддзі ўгледзелі ў гэтых дзеяннях «антыкамуністычны грэх».

Прысуд Отта Фрэдэрыку Вомбіеру быў вынесены 16 сакавіка вярхоўным судом КНДР. Хлопец прыехаў у Паўночную Карэю 25 снежня з Пекіну ў складзе турыстычнай групы. Ноччу 1 студзеня ён прабраўся ў службовае памяшканне пхеньянскай гасцініцы «Янгакто» і сарваў са сцяны палітычны плакат.

Амерыканец цалкам прызнаў сваю віну. Паводле Вомбіера, ён стаў «ахвярай варожай палітыкі амерыканскай адміністрацыі ў дачыненні да КНДР». «Я здзейсніў самую сурʼёзную памылку ў сваім жыцці», – заявіў ён на судовым паседжанні.

У 2013 годзе амерыканскага місіянера карэйскага паходжання Кенэта Бэя прысудзілі да 15 гадоў катаржных працаў за «злачынствы супраць дзяржавы». У 2014-м Мэцью Мілера асудзілі на шэсць гадоў лагераў «за шпіянаж». Абодвух амерыканцаў выпусцілі ў лістападзе таго ж года.

ЮВ, belsat.eu, паводле ТАСС

Стужка навінаў