Амерыканскі публіцыст: «Лукашэнка асабліва баіцца ўнутраных супернікаў у апараце бяспекі»


Як Трамп можа дапамагчы кіраўніку Беларусі? Чаму міжнародная канʼюнктура цяпер карысная для Пуціна? Ці Лукашэнка памяняў тактыку? Чым небяспечная блізкасць зяця Трампа, Джэрэда Кушнэра, да прэзідэнта? Наколькі сцэнар ваеннай гульні «Гегемон» рэалістычны? 

Інтэрвю Сяргея Пелясы з Дэйвідам Маккуэйдам, рэдактарам парталу «Геапалітычны выведвальны сэрвіс» (Geopolitical intelligence services)

Наколькі для Масквы карысны такі здаецца фантастычны сцэнар з прарасейскім пераваротам у Беларусі ды эскалацыі сітуацыі аж да вайны з НАТО? Ці Крамлю больш карысны сцэнар, каб прымусіць Лукашэнку, каб ён стаў больш лаяльны, якім быў да вайны з Украінай?

Мне здаецца, што скрайні сцэнар вельмі малаверагодны. Хаця нельга сказаць, што ён цалкам немагчымы. Усё залежыць ад таго, і нашыя гледачы пра гэта ведаюць, усё залежыць ад палітычнай сітуацыі ў Расеі. Якія палітычныя патрэбы будуць ва Уладзіміра Пуціна, асабліва перад прэзідэнцкімі выбарамі ў 2018-ым годзе. Калі ён палічыць, што каб змабілізаваць падтрымку, трэба пачаць новы міжнародны крызіс, то магчыма гэты сцэнар стане рэальным. Таму я лічу, што не абавязкова, што гэты сцэнар рэальны па двух прычынах: Па-першае, Пуцін мае ўжо вельмі карысную міжнародную канʼюнктуру.

Пуцін?

Пуцін. Пуцін мае прыхільнага прэзідэнта ЗША. Ён атрымае больш, проста чакаючы на развіццё падзеяў. Ён можа паказаць гэта сваёй аўдыторыі ў Расеі, што ён у стане быць чалавекам міру. Другая справа, што дзякуючы пагрозам ён можа атрымаць тое, што хоча ад Лукашэнкі, толькі пагрозамі, без патрэбы вайсковай інтэрвенцыі.

Гэта цікавая думка, пра якую вы кажаце. Атрымліваецца, што крыху прарасейскі Доналд Трамп можа выратаваць Беларусь ад найбольш драматычнага чорнага сцэнару?

Напрыклад, кажуць, што Трамп і некаторыя колы ў Злучаных штатах вельмі хочуць дасягнуць нечага кшталту вялікага кампрамісу. Вялікага, не ведаю, можа не падзелу свету, але падзелу пэўных сфераў уплыву з Расеяй. Узамен за тое, што расейцы зробяць пэўныя саступкі на Блізкім Усходзе ці перастаюць падтрымліваць Іран, што зʼяўляецца вялікай праблемай для ЗША – Іран. А Злучаныя Штаты, мы, паціху змяншаем нашае падтрыманне для Украіны. І будзем націскаць на Кіеў, напрыклад, каб ён больш улічваў расейскія інтарэсы. І паціху, каб мы, вядома, прызналі прыняцце Крыму. Канешне, у гэты момант гэта спекуляцыі. Праблема палягае ў тым, што мы пра гэта ведаем, і пазней пра гэта паразмаўляем, што Доналда Трампа вельмі цяжка прадугледзіць, як прэзідэнта. Мы не ведаем, як ён будзе рэагаваць на розныя нечаканыя сітуацыі. І апошняя рэч, якую я хачу сказаць: чаму крыху трэба быць уважлівым. Заўсёды найцяжэйшы момант для кожнага прэзідэнта ЗША – гэта момант на пачатку кадэнцыі. Калі ён недасведчаны, невядома як ён адрэагуе, невядома колькі ён ведае. І гэта ідэальны момант, каб яго правяраць. Так як Мікіта Хрушчоў у свой час зрабіў з маладым Джонам Кенэдзі.

Пра Доналда Трампа і ягоны першы тыдзень мы паразмаўляем праз хвілінку. Але яшчэ хвілінку я прапаную застацца пры тэматыцы гэтай гульні «Гегемон» і сітуацыі ў нашым рэгіёне. Беларусь паварочваецца да Захаду асцярожна і паволі, памалу. Гэта выклікае пэўную рэакцыю Расеі. Непрыязную, непрыхільную рэакцыю. Яны адчуваюць пагрозу ў Маскве. Ці Вы можаце ўявіць сабе сітуацыю, калі Лукашэнка пачынае гуляць, становіцца сваім спартоўцам, сваім для палякаў і амерыканцаў, пачынае гуляць у камандзе Захаду?

Толькі калі гэта будзе ў яго ўласным інтарэсе. На маю думку Лукашэнка не памяняў сваю тактыку. Ён гуляе ў тое самае гадамі. Ён лавіруе паміж Захадам і Масквой. І гэта ён робіць цяпер. Цяпер, калі націск ідзе з боку Масквы, натуральна, што ён перасоўваецца крыху на Захад, каб там шукаць падтрымання. Але канешне, што для яго самае важнае – гэта стабільнасць яго ўласнай улады. І ўласнае выжыванне, таму калі Уладзімір Пуцін дасць яму прапанову, якую не зможа адхіліць, ён можа гэту прапанову прыняць.

Якая гэта можа быць прапанова?

Я не ведаю, але думаю, што кожны глядач у Беларусі мае лепшыя здагадкі, чым я. Але думаю, што нешта кшталту: Саша, рабі тое, што я табе скажу і тады я дазволю, каб ты застаўся пры ўладзе ў Менску.

Гэта вельмі лагічная прапанова. Яшчэ адно кароткае пытанне пра Лукашэнку. Літаральна на днях ён здзівіў усіх сваім выказваннем, якое скіраваў на ўнутраны рынак. Ён сказаў, што Украіна змагаецца за незалежнасць Як вы думаеце, чаму менавіта цяпер Лукашэнка кажа пра змаганне ўкраінцаў за незалежнасць? Ці ён сам у падобнай сітуацыі?

Я думаю, што ён адчувае сябе няўпэўненым і асабліва ён баіцца сваіх унутраных супернікаў, у сваім апараце бяспекі, якіх патэнцыйна можа падтрымаць Расея. Тут ён прабуе падстрахаваць свае тылы. Каб даць зразумець тым, хто хоча яго скінуць, што яны будуць лічыцца здраднікамі. Мне так здаецца.

«Супрацоўнікі Трампа за ягонымі плячыма нядобра выказваюцца пра шэфа». Калі раней была падобная сітуацыя? У чым комплекс Трампа?

Цяпер пра першы тыдзень Доналда Трампа і пра тое, што будзе ў наступныя тыдні. Што было найбольш супярэчлівым у першым тыдні кіравання Доналда Трампа?

Вельмі цяжка выбраць, бо вельмі вялікі спіс. Я б сказаў, што некалькі момантаў. Сам інаўгурацыйны выступ, у якім ён ані слова не сказаў на тэму нашых саюзнікаў. Гэта вельмі важная тэма. Як Вы ведаеце, ёсць шмат, хто клапоціцца, што Трамп збіраецца разбураць нашыя саюзы, напрыклад, НАТО. Гэта першы момант. Другі момант – несумненна крыху хваравітая ганарлівасць і ўражлівасць на ўласную годнасць. Уся гэта афёра з колькасцю гледачоў ягонай інаўгурацыі, да якой ён вяртаецца раз і другі раз, выступаючы перад працаўнікамі ЦРУ.

Ці гэта звязана з тым, што ён можа мець комплекс, бо за яго насамрэч прагаласавала менш амерыканцаў, чым за Гілары Клінтан?

Усё пра гэта кажа. Дарэчы звярніце ўвагу, ад першага дня ягонага кіравання неафіцыйная інфармацыя ад ягоных бліжэйшых супрацоўнікаў была такая, як у апошнія дні прэзідэнтуры Ніксана. Перад тым, як яго прымусілі пайсці ў адстаўку. Пра гэта таксама варта казаць. Ужо людзі з ягонага акружэння, з ягонай каманды ананімна размаўляюць за ягонымі плячыма пра шэфа. Не добра кажуць пра Трампа.

Вяртаючыся да найбольш супярэчлівых справаў. Найбольшыя эмоцыі, найбольшую рэакцыю выклікала падпісанне дэкрэту пра пабудову сцяны на мяжы з Мексікай. Ці ён разумее, што сварыцца з найбліжэйшым суседам. Ну, акрамя Канады. Ёсць два суседы – Канада і Мексіка. З адным ужо пасварыўся, што далей яшчэ можа зрабіць?

Калі не памыляюся, гандаль з Мексікай большы, чым з Канадай. Я думаю, што тут ён акурат разумее, але паколькі гэта быў цэнтральны пункт ягонай выбарчай кампаніі тут ён адчуваў і меў рацыю, што мусіць сваім выбарцам даць канкрэтныя доказы, што ён мае намер выканаць свае абяцанні. І ён выканае свае абяцанні, незалежна ад таго, якія будуць кошты.

Вы сказалі пра ягонае атачэнне, пра ягоную каманду. Мы бачым на здымках, што вакол яго ягоная сям’я, гэта вельмі прыгожа. Але мы бачым, што побач з ім адным з найбліжэйшых супрацоўнікаў з’яўляецца ягоны зяць, муж ягонай дачкі Джэрыд Кушнер. Ён вельмі малады. Як бы вы ацанілі блізкасць ягонага зяця да прэзідэнта. Ці гэта нармальна для прэзідэнта і амерыканскай палітычнай культуры ці не?

Не, гэта не нармальна. Ніколі не было такога прэзідэнта. І ніколі не было такой каманды. Гэта вынікае з яго характару. Ён не мае сярод блізкіх людзей добрых сяброў. Ён давярае толькі сваёй сям’і. І гэта стварае пэўную праблему для прэзідэнта ЗША, які мусіць абапірацца на вялікую каманду, на вялікі апарат, дасведчаных працаўнікоў. У яго ёсць такія людзі, але выглядае так, што ён найбольш будзе слухаць менавіта свайго зяця і дачку Іванку.

Гэта добрыя саветнікі, ці яны маюць досвед у міжнароднай палітыцы ці не?

Нуль досведу. Яны маюць досвед у міжнародным бізнесе, але вельмі сціплы досвед. Джэрыд Кушнер разбіраецца ў нерухомасці ў Нью-Ёрку, але гэта мужчына, якому трыццаць з нечым гадоў. Ён не мае досведу ў кіраванні краінай і ў замежнай палітыцы. Па-мойму гэта небяспечна ў тым сэнсе, што яму прыйдзецца вучыцца прафесіі працуючы. І гэта павялічвае верагоднасць памылак, асабліва напачатку.

Апошняе пытанне. З’яўлялася інфармацыя пра тое, што спатканне (рэд. Трампа з Пуцінам) мелася адбыцца ў стылі Гарбачоў і Рэйган у Рэк’явіку. Потым гэту інфармацыю зняпраўдзілі. Як вы думаеце, калі можа адбыцца сапраўднае спатканне Пуціна і Трампа?

Я думаю, што адносна хутка. Але Трамп мусіць быць асцярожным і я думаю, што ягоныя саветнікі кажуць яму, каб так хутка з Пуціным не сустракацца. Бо за ім цягнуцца хвастом маніпуляцыі КДБ…даруйце, ФСБ у амерыканскіх выбарах. Таму тут яму трэба быць крыху асцярожным.

Дзякуй за размову.

Я таксама Вам дзякую.

Відэаверсія размовы ў праграме «ПраСвет»

Іншыя тэмы:

  • Расея афіцыйна распачала падрыхтоўку да ваенных вучэнняў Захад 2017
  • Дом культуры побач з лінія фронту
Стужка навінаў