Амерыканскі прафесар: «Пуцін хоча змяніць курс»


Даследчык замежнай палітыкі ЗША і Кітаю Дэйвід Джоўнз у эфіры праграмы «Прасвет» прагназуе, як бліжэйшым часам будуць развівацца стасункі з Расеяй.

Калі Оўбама сустрэнецца з Пуціным? Што зразумеў кіраўнік Крамля пасля спатканняў з лідарамі Нямеччыны і КНР? Каму больш патрэбная перазагрузка стасункаў: Расеі ці ЗША? У чым найбольшае дасягненне Барака Оўбамы ў знешняй палітыцы? Інтэрвю з прафесарам універсітэту ў Нью Ёрку, доктарам Дэйвідам Джоўнзам, даследчыкам замежнай палітыкі Злучаных штатаў і Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Аліна Коўшык: Дэйвід, давайце пачнем з перамоваў ЗША і Расеі ў Сочы. Яны адбыліся ў першы раз за два гады і ўпершыню пасля пачатку вайны ва Украіне. Некаторыя медыі пісалі, што ЗША змягчылi палітыку і стасункі з Расеяй цяпер даволі цёплыя. Ці згодныя Вы з гэтым?

Дэйвід Джоўнз: Стасункі ацяпляюцца. Яны робяцца больш сардэчнымі, але я не ўпэўнены ці яны такiя цёплыя, якімі яны павінны быць. І я не думаю што гэтыя змены цалкам сыходзяць з амерыканскага боку. Перамены часткова сыходзяць ад расейцаў. Гэта даволі незвычайная сітуацыя для кіраўніка буйной дзяржавы, такой як Расея, сустракацца з міністрам замежных спраў ці як гэту пасаду называюць у Злучаных штатах – з дзяржаўным сакратаром. У цэлым кажучы, можна было б чакаць, што гэта будзе Сяргей Лаўроў і Джон Кэры. Але менавіта Уладзімір Пуцін быў гаспадаром вялікай часткі гэтага візіту, і было відаць, што ён планаваў парадак дня. Ён, магчыма, змянiў план i сваё стаўленне. Мне б хацелася думаць, што гэта ўсё адбываецца ў спалучэнні з амерыканскiмi зменамi. Я не ў захапленні ад санкцыяў, яны балюча адбіваюцца на звычайных людзях. Я хацеў бы ўбачыць як іх адменяць. Як гэта было з Кубай, але не праз 50 гадоў, а цяпер. І я думаю, што яны гэта таксама абмяркоўвалi ў Сочы. Парадак дня складалі таксама па выніках сустрэчы Пуціна з прэзідэнтам Кітаю ў Дзень Перамогі, а таксама на наступны дзень з канцлерам Германіі Ангелай Мэркель. І, магчыма, прэзідэнт Пуцін не так ужо ўпэўнены ў альтэрнатывах, як калісьці, ды разумее, што стасункі з ЗША вельмі каштоўныя. Іх трэба захаваць і палепшыць.

Аліна Коўшык: Ці варта нам чакаць сустрэчы Барака Оўбамы і Уладзіміра Пуціна?

Дэйвід Джоўнз: Магчыма, гэта абмяркоўвалі. Я не ведаю, як хутка гэта будзе. Оўбама гэта чалавек, якi крыху страціў твар у стасунках і, магчыма, ён хоча перазагрузіць. Стасункі не працуюць так, як ён планаваў. Я думаю, што, перш чым ён пакіне сваю пасаду, адбудзецца прынамсі яшчэ адно спатканне з Пуціным. Я не ўпэўнены, што менавіта гэта яны абмяркоўвалi. Я думаю, што гэта было больш, чым сустрэча асобаў. Гэта была палiтычная сустрэча, дзе Расея змяніла курс і цяпер Атлантычны Доступ, энергетычная сітуацыя з’яўляюцца тым, што ён павінен разгледзець, верагодна, пад нейкім ціскам прэзідэнта Кітаю, які таксама хоча бачыць шмат расейскіх энерганосьбітаў у іншым накірунку. І я падазраю, што ў канчатковым выніку прэзідэнт Уладзімір Пуцін, які заўсёды пакідаў уражанне чалавека прагматычнага, рэаліста, вырашыў, што эрозія стасункаў паміж Расеяй і ЗША зайшла занадта далёка, і ён хоча змяніць курс.

Аліна Коўшык: Мы ведаем, што Барак Оўбама хутка скончыць сваё прэзідэнцтва. Якое яго найлепшае дасягненне ў знешняй палітыцы падчас прэзідэнцтва?

Дэйвід Джоўнз: Я думаю, што цяпер цяжка сказаць, бо ў яго яшчэ ёсць час, амаль 2 гады. Я думаю, што адна з найбольш выбiтных справаў, якія ён прабуе зрабіць, гэта стварэнне Ціхаакіянскага партнёрства і Атлантычнае партнёрства, а дакладней Трансціхаакіянскае партнёрства і Трансатлантычнае Гандлёвае ды Інвестыцыйнае Партнёртства. Тым не менш, многія з нас думаюць, што шанцы на гэта ў часе ягонай прэзідэнтуры, ці нават наагул, але прынамсі падчас ягонай кадэнцыі, невялікія. Аднак я думаю, што шанцы на гэта ёсць. Калі яны гэта зробяць, гэта было б вялікім дасягненнем Злучаных штатаў ды іхных cаюзнiкаў у Азіі, Паўднёвай Амерыцы, Лацінскай Амерыцы і ў Еўропе. Калі гэтага не адбудзецца, то я думаю, што прэзідэнта Оўбаму будуць памятаць за нешта вельмі важнае. За тое, што ён адпраўляе амерыканскія войскі ў Сірыю. Я думаю, што гэта надзвычай важная справа. Я не думаю, што яны павінны быць там, я думаю, што Ісламская дзяржава хоча, каб яны былi там. І я зусім не ўпэўнены, што прэзідэнт Башар Аль-Асад цалкам такi дрэнны, як Захад паказвае яго. І я думаю, што гэта было часткай сочынскай сустрэчы, дзе прэзідэнт Пуцін хацеў бы атрымаць амерыканскую падтрымку ў вырашэнні праблемы з Ісламскай дзяржавай і амерыканскую падтрымку ў вырашэннi праблемаў з дастаўкай расейскіх энерганосьбітаў, нафты і газу ў кантынентальную Еўропу.

Стужка навінаў