Палкоўнік ЗША: калі Пуцін атакуе Польшчу і Літву - зарэагуем імгненна


Калі з тэрыторыі Расеі ды Беларусі Пуцін вырашыць адрэзаць Літву ад Польшчы – рэакцыя Злучаных штатаў і НАТО будзе імгненнай. Як яна будзе выглядаць? Колькі вайскоўцаў перакінуў Вашынгтон і Паўночнаатлантычны альянс на «перадавую», на памежжа НАТО з Беларуссю і Расеяй? Якія мэты Пуціна ў Еўропе?

Другая частка інтэрв’ю Сяргея Пелясы з палкоўнікам рэзерву Рэям Вуйцікам, былым вайсковым аташэ ЗША ў Польшчы а цяпер дырэктарам варшаўскага офісу Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі.

Першая частка інтэрв’ю Амерыканскі аналітык: Лукашэнка не можа стаць незалежным

Сяргей Пеляса: Вы працавалі ў Цэнтры планавання і рэалізацыі Еўрапейскай ініцыятывы стрымлівання ды Пашыранай перадавой прысутнасці НАТО. Вы ў некалькіх словах сказалі, як гэта працуе ў цэлым. Калі ласка, патлумачце місію гэтых праграмаў. Якія іх мэты?

Рэй Вуйцік: Еўрапейская абаронная ініцыятыва, якую распачаў прэзідэнт Абама ў 2014-ым годзе і працягвае прэзідэнт Трамп, – гэта ў тым ліку велізарны механізм, які фінансуе ўдзел нашых войскаў ды тэхнікі ў аперацыі «Атлантычная рашучасць» у рэгіёне. Аперацыя «Атлантычная рашучасць» – гэта назва, якую Амерыка далА сваім войскам, што бяруць удзел у аперацыі, але гэта таксама і шырэйшая місія НАТО. З боку ЗША ёю кіруе Еўрапейскае камандаванне ЗША ў Нямеччыне. Асноўную нагрузку нясуць нашыя вайсковыя сілы ў Еўропе. Войскі размешчаныя на ратацыйнай аснове для правядзення вучэнняў баявой брыгаднай групы – першапачаткова ў Польшчы, але таксама і далей па ўсходнім флангу НАТО ад Чорнага мора да Балтыкі.

С.П.: Колькі гэтых сілаў, гэта палова брыгады?

Р.В: Армейская баявая брыгадная група складаецца прыкладна з 5-ці тысяч жаўнераў. Яны перасоўваюцца ўздоўж усходняга флангу і прымаюць удзел у вучэннях. Яшчэ ёсць баявыя групы. Іх стварэнне анансавалі на Варшаўскім саміце НАТО ў 2016-ым годзе. Гэта быў яшчэ адзін крок да ўмацавання перыметру бяспекі ды гатовасці даць рашучы адпор і забяспечыць абарону ў выпадку нейкай непрыемнай неспадзяванкі з боку прэзідэнта Пуціна. Гэтыя групы сур’ёзна ўмацаваліся дзякуючы нашым хаўруснікам. Цяпер у нас ёсць група з жаўнераў некалькіх краінаў у Эстоніі пад камандаваннем Аб’яднанага Каралеўства, канадцы ж кіруюць баявою групай у Латвіі. Нямеччына кіруе групай у Літве. Дарэчы, гэта была першая група, якую размясцілі, яшчэ перад групаю ЗША. Есць яшчэ адная група, у дадатак да армейскай баявой брыгаднай. Мы яе фінансуем і кіруем у межах Пашыранай перадавой прысутнасці НАТО ў Польшчы. Тут амерыканскія сілы і нашыя партнёры – Румынія ды Аб’яднанае Каралеўства. Гэтыя групы дадуць першы адказ, калі нехта пралічыцца і ўвойдзе дзе-небудзь на тэрыторыю НАТО. Іхная праца – ацаніць сітуацыю, быць гатовымі трымаць абарону на першых пазіцыях у выпадку ўварвання, дапамагчы змабілізаваць краіну-гаспадара ды яе войскі і праз структуры НАТО падняць сілы рэагавання, каб яны ўзмацнілі гэтыя баявыя групы.

С.П.: Што здарыцца, калі, скажам, заўтра з двух бакоў – з Калінінграду і Беларусі – расейскія ды беларускія сілы атакуюць Сувальскі разрыў і адрэжуць дзяржавы Балтыі ад рэшты НАТО? Як Злучаныя Штаты ці НАТО адрэагуюць?

Р.В: Цэнтр аналізу еўрапейскай палітыкі (CEPA), наш аналітычны цэнтр, ужо даволі доўга вывучае гэта пытанне. Мы шчыльна кантактуем з міністэрствамі абароны Літвы і Польшчы. Мы аналізуем, спрабуем зразумець, як мы можам абараніць Сувальскі калідор. З нашага пункту гледзішча, гэта не разрыў, а калідор. Гэта шчыліна, разрыў для прэзідэнта Пуціна. Ён хацеў бы яе «закрыць». Але гэта наш калідор для перамяшчэння войскаў, трэба трымаць яго адкрытым, гэта наш абавязак. Мы разглядаем гэтую праблему вельмі сурʼёзна з гледзішча канцэпцыі «абмежавання доступу і манеўру», то бок бок A2/AD (рэд. anti-access and area denial — канцэпцыя стрымлівання праціўніка). У Калінінградзе вялікая колькасць дакладнай артылерыі ды сілы супрацьпаветранай абароны. Мы ўлічваем і сілы, размешчаныя ў Беларусі. Калі расейскія сілы ў Калінінградзе і Беларусь ці расейскія сілы з тэрыторыі Беларусі пастановяць ісці на Сувальскі разрыў, нашая рэакцыя – ЗША, магчыма, Польшчы, Літвы, дзяржаваў Балтыі – будзе імгненная. Пытанне ў тым, як хутка НАТО запусцяць пяты артыкул. Шмат хто абмяркоўвае гэта – як хутка НАТО прыме пастанову, калі нешта трэба будзе рабіць у Балтыі ці Паўночнай Польшчы. Але калі вы ўзгадаеце, як хутка НАТО адрэагавала на запыт ЗША пасля 11-га верасня 2001-га года, я думаю, вы пабачыце, што калі ідзецца пра акупацыю ці захоп тэрыторыі НАТО, пастанова будзе прынятая хутка. Але тут ёсць пэўная геаграфічная праблема – трэба вызначыцца, як і якое падмацаванне трэба забяспечваць войскам, што нам самым трэба, каб даць рады з A2/AD. Цяпер мы вывучаем гэта. Калі вы спытаеце мяне праз тры месяцы – я здолею больш падрабязна распавесці. Безумоўна, гэта быў бы моцны выклік, але мы рыхтуемся да яго.

С.П.: Цяпер вы сталіся дырэктарам варшаўскага офісу амерыканскага Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі. Гэты цэнтр адзін з тых, што пачаў аналізаваць расейскія дзеянні ў інфармацыйнай сферы. Я маю на ўвазе дэзынфармацыю, псіхалагічныя і падобныя дзеянні супраць суседзяў. Чым займаецца ваш цэнтр у гэтай сферы, чаму гэта важна?

Р.В.: Цэнтр аналізу еўрапейскай палітыкі (CEPA) робіць усё магчымае, каб праводзіць якасныя даследаванні інфармацыйнай вайны. У нас ёсць праграма HYPERLINK “http://infowar.cepa.org/index/” «Стратэгічная камунікацыя». Тое, што мы называем інфармацыйнымі войнамі, – гэта і дэзынфармацыя, і маніпуляцыі ў медыях, і фэйкавыя навіны. CEPA цяпер у цэнтры палітычных дэбатаў на гэтыя тэмы, і асноўнае пытанне – што варта зрабіць, на чым сканцэнтравацца? За апошнія гады мы зразумелі, што адбываецца, хто гэта робіць, у большасці выпадкаў зразумела, на каго гэта скіравана – на расейцаў у Літве ці Латвіі ці нават палякаў у Літве, ці на расейцаў у Беларусі. Несумненна, расейскамоўная меншасць – адная з галоўных мэтавых групаў. Але не толькі. Пры дапамозе, скажам, RT, можна дэзынфармаваць насельніцтва на Захадзе; тое ж датычыць ЗША. Гэта тое, над чым CEPA вельмі сурʼёзна працуе. Мы хочам перайсці ад вывучэння «што» і «хто» да вызначэння рэальнага ўзроўню ўплыву. Палякі ў Польшчы ці ў Літве, а таксама расейскамоўныя ў Латвіі ці Эстоніі – ці яны сапраўды вераць той інфармацыі, што атрымліваюць з Расеі? Ці яны прымаюць рашэнні ці галасуюць на базе гэтай інфармацыі? Гэта ўжо наступны ўзровень. Што нам насамр’ч трэба зрабіць…

Эдвард Лукас, які кіруе нашаю праграмаю «Стратэгічная камунікацыя», вядомы аўтар кніг, эканаміст, хоча даследаваць узровень уплыву і вызначыць, што мы можам рабіць, каб лепей яму супрацьстаяць.

Вашая праца, напрыклад. «Белсат» робіць вельмі шмат, каб быць лепшым за дзяржаўныя медыі ў Беларусі. «Белсат» робіць сваю частку працы, бо ён прабуе паказаць праўду пра тое, што насамрэч адбываецца на Захадзе, пра пастановы, якія прымаюцца, пра актуальныя дыскусіі, а таксама – што адбываецца насамрэч у Беларусі.

Што нам трэба палепшыць? З майго пункту гледзішча, як прадстаўніка аналітычнага цэнтру, асноўная рэч, якую варта зрабіць, – забяспечыць больш сінхранізацыі – абʼяднаць высілкі Еўразвязу ды НАТО ў інфа- і кібервайне, а таксама з тым станоўчым, што адбываецца ў публічнай медыясферы – тут таксама ёсць чаму павучыцца ды што ўзяць. Вельмі шмат добрых рэчаў робіцца, але іх можна было лепш сінхранізаваць у будучыні.

С.П.: Я цешуся, што вы заўважаеце ролю «Белсату» ды іншых медыяў. Я б хацеў запытаць нешта іншае, што датычыць вашага цэнтру. Мы ведаем, што былы дырэктар цэнтру Ўэс Мітчэл стаўся асістэнтам дзяржаўнага сакратара ЗША. Як той факт, што цяпер у вашынгтонскай адміністрацыі працуе адзін з найлепшых экспертаў у нашым рэгіёне, паўплываў ці можа паўплываць на палітыку ЗША?

Уэс Мітчэл, асістэнт Дзяржаўнага сакратара ЗША па Еўрапейскіх і еўразійскіх справах. Нікозія, Кіпр, 16 сакавіка 2018 г. Reuters / Yiannis Kourtoglou / FORUM

Р.В.: CEPA ганарыцца тым, што нашага чалавека нумар адзін выбралі ў адміністрацыю на такую адказную пасаду. Ўэс Мітчэл – адзін з сузаснавальнікаў CEPA; асноўная місія арганізацыі з пачатку яе дзейнасці да сёння – канцэнтравацца на дзяржавах на межах НАТО, заахвочваць іх да як мага блізкай трансатлантычнай супрацы з ЗША. Дапамагаць ім у энергетычнай бяспецы, цвёрдай бяспецы ды ў сферы дэмакратыі. Ўэс гэта добра разумее, і мы адчуваем вялікі гонар, што ён займае адную з галоўных пазіцыяў у Дзяржаўным дэпартаменце. Шмат хто з нашых сябраў у Цэнтральнай Еўропе таксама ведае пра ягоную працу. Яны вельмі паважаюць CEPA з гэтай нагоды і ўсведамляюць, што цяпер у іх ёсць у пэўным сэнсе сябар у Дзяржаўным дэпартаменце на вельмі важнай пасадзе. Але, вядома, CEPA – гэта не адзін чалавек. Ўэс быў вельмі важны для развіцця арганізацыі. Інстытуцыйна мы як арганізацыя звязаныя і з Вашынгтонам, і з Цэнтральнай ды Усходняй Еўропаю. Цяпер Цэнтр узначальвае Пітэр Доран, які раней быў віцэ-прэзідэнтам, ён цудоўна дае рады са сваймі абавязкамі. Я хачу сказаць нашым сябрам з Цэнтральнай Еўропе, у тым ліку з Беларусі, што нашая ўвага скіраваная на дзяржавы НАТО «на перадавой», на пэўных пытаннях, звязаных з Расеяй. Гэта азначае, што ёсць эксперт, які кансультуе Дзяржаўнага сакратара ў праблемах гэтага рэгіёну. Працуючы на гэтай пасадзе, трэба добра разбірацца ў справах усёй Еўропы, калі аналізуеш дзяржавы «на перадавой». Усё роўна трэба мець на ўвазе ўсе іншыя дзяржавы Захаду – каб ведаць, як падтрымаць бяспеку перадавой ці даць адказ у выпадку чаго. Несумненна, Ўэс сапраўдны эксперт, ён на сваім месцы, мы вельмі шчаслівыя, што ён там працуе. Я думаю, ён спраўдзіцца як добры, разумны эксперт, які кансультуе Дзяржсакратара ў гэтым рэгіёне.

С.П.: Дазвольце зірнуць крыху назад, а потым наперад. Чатыры гады таму падчас Алімпійскіх гульняў у Сочы Расея пачала сваю гібрыдную агрэсію супраць Украіны. Аднак за шэсць гадоў да Сочы ды Крыму была іншая вайна – супраць Грузіі. Гэта адбылося таксама падчас Алімпійскіх гульняў – у Кітаі, у Пекіне. Цяпер мы маем такую сітуацыю. Праз два месяцы чэмпіянат свету па футболе ў Расеі. Ці нам трэба чакаць агрэсіўных дзеянняў Расеі?

Р.В.: Мне здаецца, што з прэзідэнтам Пуціным заўсёды варта чакаць неспадзяванага. Усе на Захадзе, у НАТО, у ЕЗ спрабуюць здагадацца, пра што думае Пуцін, якія ягоныя рэальныя мэты.

С.П.: У чым ягоныя сапраўдныя мэты, скажам, у Еўропе?

Р.В.: На гэтае пытанне вельмі цяжка адказаць, але насамрэч – у НАТО і ў пэўнай ступені ў ЕЗ вельмі шмат часу прысвячаюць на развагі, што ўказвае на ягоныя планы ды папярэджвае ягоныя дзеянні. Узгадайма «Захад», самыя буйныя расейскія вучэнні ў заходнім рэгіёне, якія праводзяцца раз на чатыры гады. Яны зладзілі «Захад» у мінулым верасні, і, як вы ведаеце, там былі пэўныя трывожныя моманты. Напрыклад, паведамленні пра чатыры тысячы вагонаў з расейскаю тэхнікаю ды вайскоўцамі, якія скіроўваліся на Захад, і шмат хто баяўся, што гэтая вялікая колькасць тэхнікі застанЕцца ў Беларусі і пасля вучэнняў. Але гэтага не адбылося. Магчыма, Пуцін перадумаў. Мы не ведаем. А магчыма, што такога ўвогуле не планавалі. Але была вялікая занепакоенасць. Такія рэчы – пэўныя сімптомы ці папярэджанні (і вы таксама ўзгадалі некалькі цікавых момантаў наконт Алімпіяды з сваім пытанні) – мелі месца напярэдадні ўварванняў, таму іх варта разглядаць, не трэба недаацэньваць суперніка. Пагроза ў рэгіёне прывяла да сурʼёзнай змены поглядаў, асабліва ў НАТО. Хто б мог падумаць раней, што мы пабачым баявыя групы і павелічэнне вайсковай прысутнасці ў рэгіёне?

А цяпер пра мэты. Я не разумею, што ёсць канчатковаю мэтаю Пуціна, і шмат хто не разумее. Выглядае, што ў сярэдняй перспектыве ён хоча справакаваць няўпэўненасць і нестабільнасць у Еўропе. Для яго самай вялікай трагедыяй 20-га стагоддзя зрабіўся развал Савецкага Саюзу, страта прэстыжу і павагі да Расеі/СССР праз распад савецкай імперыі. Такое адчуванне, што ён прабуе гэта вярнуць ды аднавіць, і шмат каму з тых, хто марыць пра моцную імперскую Расею, гэта падабаецца, яны ганарацца гэтым. Так ён думае, але гэта вельмі складана зрабіць. З другога боку, ён хоча дэстабілізаваць Захад, НАТО, ЕЗ – гэта таксама ягоная мэта.

Цяпер доўгатэрміновая мэта. Калі б вы былі расейскім лідарам, вашаю мэтаю было б павысіць узровень жыцця, узровень бяспекі вашага народу. Калі б я быў на месцы Пуціна, я б сфакусаваўся на наладжванні добрых стасункаў з Захадам, НАТО, бо гэта павысіла б бяспеку на маіх межах, а потым палепшыла дабрабыт грамадзянаў. Але гэта маё меркаванне, ён жа дзеіць зусім па-іншаму, і мы робім усё магчымае, каб нашая рэакцыя была хуткая ды трапная. Калі аднойчы Расея зменіць курс (я спадзяюся на гэта), то, магчыма, мы пабачым, што яны пачнуць імкнуцца да такіх самых мэтаў, што мы. Мы б вельмі гэтага хацелі. Вы ведаеце, што прэзідэнт Буш сказаў у 1989-ым годзе пра стварэнне «абʼяднанай і свабоднай» Еўропы «дзеля міру». Мы вельмі спадзяемся, што прэзідэнт Пуцін далучыцца да нас ды падтрымае гэтую ідэю – на словах і на справе.

С.П.: Я хацеў запытаць пра мэты Злучаных Штатаў, але вы працытавалі прэзідэнта Буша, і, я думаю, няма патрэбы задаваць пытання. Спадзяюся, гэта застаецца актуальным.

Р.В.: Так, няма сэнсу развіваць гэты адказ, бо гэтыя тры словы – канкрэтнае тлумачэнне мэтаў ЗША ў Еўропе.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Фота: Paolo Bovo / Planet Pix via ZUMA Wire / FORUM

Стужка навінаў