Амерыканскі флот рыхтуе падводную оптавалаконную сувязь на выпадак вайны ў космасе


Ваенна-марскія сілы ЗША карыстаюцца спадарожнікавай і іншымі камунікацыйнымі сістэмамі для перадачы інфармацыі, аднак у часы вайны – што рабіць, калі спадарожнікі будуць знішчаныя, а радыёсувязь падаўленая?

Вайна ў Данбасе, досвед якой вывучаюць арміі НАТА, паказала, што сучасныя баявыя дзеянні паміж тэхналагічна развітымі дзяржавамі суправаджаюцца актыўнай барацьбой у кіберпрасторы і радыёэфіры.

У сувязі з гэтым Агенцыя перспектыўных абаронных даследчых праектаў Пентагона (DARPA) распрацоўвае спецыяльнае рашэнне для флоту – Тактычную падводную сеткавую архітэктуру (TUNA), якая мае ўяўляць з сябе сетку плавучых буёў, якія звязаныя оптавалаконным кабелям, гаворыцца ў паведамленні DARPA.

Замова на распрацоўку сістэмы зʼявілася ў пачатку 2014 года, а цяпер праграма падыходзіць да апошняга этапу распрацоўкі.

Выпрабаванні сістэмы TUNA. Відэа DARPA.

Цяпер, у выпадку адсутнасці сувязі ў нейкім вялікім раёне самалёты і караблі змогуць скінуць у мора шмат буёў з батарэяй, перадатчыкам і сістэмай падключэння, якія будуць звязаныя вельмі тонкім, але трывалым оптавалаконным кабелем, які зможа бяспечна перадаваць інфармацыю пад вадой на сотні і нават тысячы кіламетраў.

Плануецца, што пражыць сістэма ў баявых умовах зможа да 30 дзён, пасля чаго звычайныя камунікацыі будуць адноўленыя.



Схема працы. Малюнак DARPA.

Нейтралізаваць такую кабельную сістэму можна будзе толькі дакладна ведаючы месцазнаходжанне буёў.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў