Амерыканскі дыпламат: Пытанне аб санкцыях да Беларусі вырашыцца пасля выбараў


Скот Роланд, фота belta.by

Дыпламат не пагаджаецца з тым, што ў беларуска-амерыканскіх адносінаў цяпер адбываецца працэс перазагрузкі. На ягоную думку, хоць адносіны цягам апошніх год былі не найлепшымі, гэта не такі нізкі ўзровень, каб выкарыстоўваць слова «перазагрузка». Гэткую заяву часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі зрабіў у праграме «Буйным планам» 31 траўня.

Што да магчымасці поўнага зняцця санкцыяў, то гэта можа адбыцца толькі тады, калі Беларусь прадэманструе прагрэс у галіне дэмакратыі і правоў чалавека. Таму ЗША будуць ацэньваць гэты прагрэс па выніках парламенцкіх выбараў, якія пройдуць у верасні.

Роланд адзначыў, што лічыць прынцыпы АБСЕ ў дачыненні выбараў «залатым стандартам для нас усіх». І хоць у ніводнай краіне свету няма дасканалай выбарчай сістэмы, трэба імкнуцца да ідэалу. Таксама дыпламат сказаў, што пры ацэнцы любых выбараў назіральнікі АБСЕ перадусім звяртаюць увагу на іх празрыстасць.

29 красавіка ЗША працягнулі прынятае пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі рашэнне аб змякчэнні санкцыяў у дачыненні беларускіх прадпрыемстваў да 31 кастрычніка 2016 года. Санкцыі былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі і з таго часу перыядычна падаўжаліся.

ДР belsat.eu паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары