Амерыканскі адказ на «Армату» – якім ён будзе?


Амерыканскі танк «M1A2 Abrams»

Сухапутныя войскі ЗША павялічваюць тэмпы распрацоўкі танка «M1A2 SEP v4», які стане найбольш магутнай наземнай зброяй амерыканскіх жаўнераў прынамсі на бліжэйшыя 15 год, паведамляюць прадстаўнікі Пентагона.

Амерыканскі танк на вучэннях у Літве, 2015 год

У якасці праціўнікаў для новай машыны вайскоўцы называюць танкі Расеі і Кітая – Т-14 «Армата» і Тып 99.

Больш за 20 год арміі па ўсім свеце практычна не вялі баёў са шматлікімі рэгулярнымі сіламі праціўніка. Выключэннем стала хіба што амерыканская армія і тыя яе хаўруснікі, якія прымалі ўдзел у маланкавай вайне супраць Іраку ў 2003 годзе.

Аднак расейская агрэсія супраць Украіны ў 2014 годзе і дэманстрацыя Масквой новага танка Т-14 «Армата» змянілі настроі амерыканскіх і еўрапейскіх палітыкаў і вайскоўцаў.

Інтэрнэт-танк

Новы амерыканскі танк будзе мець большую агнявую моц, павялічыць сваю хуткасць і абароназдольнасць, атрымае прылады назірання і прыцэльвання новага пакалення. Адначасова машына стане «сеткавай» – то бок будзе звязаная ў адну лічбавую сістэму з іншымі амерыканскімі сіламі на полі бою.

Танк M1A2 у Іраку, 2005 год

Акрамя гэтага «M1A2 SEP v4», будзе наладаваны значна больш магутнымі снарадамі АМР калібру 120мм, кажа кіраўнік праграмы, генерал-маёр Дэвід Бэсет. Новы снарад заменіць адразу чатыры віды баепрыпасаў – супрацьтанкавы кумулятыўны снарад, супрацьтанкавы шматмэтавы, картэчны бліжняга бою і снарад для знішчэння перашкодаў на дарогах. Новы снарад пад назвай XM1147 распрацоўвае кампанія «Orbital ATK», якая пастаўляе аўтаматычныя пушкі і нашым суседзям літоўцам.

Зараджаючаму трэба проста будзе пераставіць наладкі на самім снарадзе, каб задаць патрэбныя якасці стрэла.

Хоць шматлікія падрабязнасці застаюцца сакрэтнымі, Бэсет распавёў, што адной з ключавых рысаў праекта будзе інфрачырвоная назіральная прылада 3-га пакалення «FLIR» (Forward Looking Infrared imaging sensor). «FLIR» з карцінкай у высокай якасці і ў лічбавым фармаце дазволіць на вялікай адлегласці заўважаць варожую тэхніку нават у складаных умовах надворʼя – падчас дажджу, у пылу і тумане.

Танк будзе мець камеры агляду на 360 градусаў і сістэмы, якія будуць заўважаць сігналы варожых лазерных прыцэлаў. Метэаралагічныя датчыкі будуць фіксаваць змены ў надворʼі і аўтаматычна ўводзіць папраўкі пры прыцэльванні.

Рэкламнае відэа сістэмы актыўнай абароны Trophy

«Вам не трэба будзе рукамі ўводзіць перамены надворʼя ў сістэму кантролю агню. Яна будзе сама фіксаваць шчыльнасць паветра, вільготнасць і хуткасць ветру», – тлумачыць Бэсет.

Пры стральбе на вялікія адлегласці гэтыя паказнікі могуць азначаць розніцу паміж трапным стрэлам і промахам.

Абароназдольнасць танка падвысіцца за кошт электроннай сістэмы падаўлення сігналаў імправізаваных выбуховых прыладаў, а таксама комплексаў актыўнай абароны. Апошнія за мілісекунды будуць ідэнтыфікаваць і перахопліваць падлятаючыя варожыя супрацьтанкавыя ракеты.

Сістэма актыўнай абароны «Trophy» перахоплівае супрацьтанкавую ракету

Менавіта супрацьтанкавыя ракеты, якія запускаюцца з замаскаваных пазіцый, сталі самым небяспечным ворагам танкаў і падчас баёў на ўсходзе Украіны, і ў Сірыі.

Адказ Маскве

У цэлым Захад у апошнія 25 год перастаў звяртаць асаблівую ўвагу на свае танкавыя войскі – знікненне савецкага блоку дазволіла заўважна скараціць выдаткі на абарону, а баявыя дзеянні ўсё больш скіроўваліся супраць паўпартызанскіх-паўтэрарыстычных атрадаў баевікоў. У такіх умовах вытворчасць і колькасць танкаў на ўзбраенні былі рэзка скарочаныя, а інжынерам дастаткова было займацца мадэрнізацыяй распрацовак 1960-1980-х гадоў.

Расейская «Армата»

Толькі Расея, у якой армія, атамная зброя і спецслужбы засталіся адзінай прыкметай звышдзяржавы, у 2009 годзе вырашыла, маючы мільярды долараў нафтавага звышпрыбытку, распрацаваць прынцыпова новы танк, які атрымаў назоў Т-14 «Армата».

У Маскве танк называюць машынай новага пакалення, кажуць пра ўсталяванне на ёй самых сучасных сістэм назірання, сувязі, абароны. Зараз яна праходзіць выпрабаванні, піша Lenta.ru.

У лістападзе 2016 года вайсковая прэса ЗША пачала паведамляць пра праграму «Баявая машына наступнага пакалення», вынікам якой можа стаць з’яўленне прынцыпова новага амерыканскага танка. Аднак пакуль, відавочна, вайскоўцы і інжынеры лічаць невычарпаным рэзерв мадэрнізацыі існуючых машын.

Глдзіце таксама:

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu, фотаздымкі militaryreview.su, nevskii-bastion.ru

Стужка навінаў