Амерыканская выведка: Масква будзе працягваць ціск на суседзяў на фоне скарачэння рэсурсаў


«Глабальныя тэндэнцыі: парадокс прагрэсу» – гэтак называецца стратэгічная ацэнка аналітыкамі амерыканскай выведкі сіл і выбараў, перад якімі ўстане Зямля ў бліжэйшыя два дзесяцігоддзі.

Шосты па чарзе такі дакумент зʼявіўся ў глабальным сеціве напачатку 2017 года на сайце Офісу дырэктара нацыянальнай выведкі ЗША – парасонавай структуры, якая займаецца інтэграцыяй высілкаў спецслужб гэтай краіны.

Паводле экспертаў, будучыня Зямлі будзе характарызавацца новымі дасягненнямі ў навуцы і тэхналогіях, якія адначасова будуць ствараць свет вельмі багаты магчымасцямі, але і больш небяспечны для людзей.

Баевікі «Ісламскай дзяржавы»

«Узнікаючы глабальны ландшафт набліжае канец эры амерыканскага панавання, якая ўзнікла пасля Халоднай вайны. Заканчваецца, верагодна, і міжнародны парадак, які быў пабудаваны на правілах, што былі напісаныя пасля Другой сусветнай вайны», – гаворыцца ў дакуменце.

У свеце зʼяўляюцца новыя дзеючыя субʼекты і фактары, новыя канфлікты і супярэчнасці ў сферах рэлігіі, бяспекі, эканомікі і разумення правоў чалавека.

Аналітыкі лічаць, што адной краіне ці нават групе краінаў Захаду будзе занадта дорага і складана займацца навядзеннем парадку на ўсёй планеце.

У гэтай сітуацыі ў Еўропе і Азіі кіраўніцтва Расеі будзе працягваць спробы аднаўлення сваёй былой сферы ўплыву, у тым ліку праз ужыванне ўзброенай сілы. Выкарыстанне «шэрых» сілавых метадаў, якія свядома размываюць мяжу паміж мірам і вайной, як гэта было на Украіне, працягнецца.

«Падобныя высілкі [ва Украіне і Сірыі] дазволілі прэзідэнту Пуціну захаваць папулярнасць унутры Расеі, нягледзячы на складаныя эканамічныя ўмовы і санкцыі, і ён будзе працягваць спалучаць сілавыя і інфармацыйныя сродкі для задушэння незадаволеных», – адзначаюць аўтары даклада.

Расейскі танк «Армата» на парадзе ў Маскве

У бліжэйшай перспектыве, акрэсліваючы дэмакратычныя зрухі ўнутры краіны і ў яе наваколлі як вынік варожай змовы з боку Захаду, Масква будзе ісці на кантакт з Пекінам, аднак у выніку стане малодшым партнёрам Кітая, які эканамічна будзе значна больш моцным.

Як мяркуюць спецыялісты амерыканскай выведкі, такім чынам Расея будзе крыніцай значнай нестабільнасці ў свеце ў бліжэйшыя пяць год.

«Масква амаль гарантавана будзе імкнуцца стварыць буферныя тэрыторыі на сваіх межах. Будзе бараніць аўтарытарныя рэжымы, якія ёй сімпатызуюць. Гэта павялічыць антырасейскія настроі ў краінах Балтыі і ў частцы Усходняй Еўропы, падвышаючы рызыку канфлікту», – гаворыцца ў аналізе.

У выніку нават на фоне эканамічнай стагнацыі ці рэцэсіі пуцінскі ўрад будзе аддаваць прыярытэт выдаткам на войска і спецслужбы, у тым ліку на пакупку новага звычайнага і атамнага ўзбраення. У адказ на разгортванне сілаў НАТО ў краінах Балтыі і ў Цэнтральнай Еўропе Масква будзе павялічваць сваю прысутнасць на межах Паўночнаатлантычнага альянсу.

Выданне «Прасвету» з сюжэтам пра дачыненні паміж Лукашэнкам ды Пуціным

Кібер-вайна таксама застанецца адным з небяспечных інструментаў у пуцінскіх руках, і пагроза расейскіх аперацый у інтэрнэце будзе расці, упэўненыя аўтары.

У той жа час эканамічная слабасць Масквы ў доўгатэрміновай перспектыве – нізкія кошты на нафту, санкцыі, стагнацыя прамысловасці і эфектыўнасці працы, эміграцыя адукаваных і ініцыятыўных людзей – могуць прывесці да паступовага аслаблення Расеі.

«Эканамічныя і палітычныя рэформы – звычайныя лекі для такіх праблем, але Расея пры Пуціне іх не атрымае. Падзенне статуса можа прывесці да большай, а не меншай агрэсіўнасці на міжнароднай арэне», – адзначаецца ў дакладзе.

Такім чынам адсутнасць рэформаў і слабасць эканомікі будуць выклікаць згортванне свабодаў унутры краіны і стануць прычынамі ўсё больш рызыкоўных крокаў у вонкавай палітыцы Крамля.

Чытайце таксама:

Аляксандр Гелагаеўbelsat.eu, фотаздымкі bbc.com, businessinsider.com

Стужка навінаў