Амерыканкі маюць удыхнуць жыццё ў беларускую гімнастыку. Ці на тых паставілі?


Belsat.eu пагаварыў з беларускімі гімнасткамі, якія з-за амерыканак згубілі месца ў зборнай.

Жарсці вакол жаночай зборнай па гімнастыцы апошнім часам не сціхаюць. Усё з-за таго, што дзвюм маладым гімнасткам з Каліфорніі тэрмінова выдалі беларускія пашпарты – каб яны прадставілі нашую краіну на чэмпіянаце свету ў Глазга.

«Амерыканскі вектар я зразумеў, там сапраўды цяпер гімнастычны бум, можа, дзве сотні гімнастак выдатных, але, відавочна гэта не пра нашых амерыканак», – заўважае падчас размовы з Belsat.eu спартовы журналіст Сяргей Вярсоцкі.

У Глазга Алэйна Кўан  заняла 73-е месца, а Кайлі Дыксан – 75-е. Калі б нехта з іх заняў, напрыклад, 35-е месца, то і ніякіх пытанняў бы не было, кажа Сяргей Вярсоцкі. Наадварот бы: дзякуючы такому выніку ўсе б натхніліся. А так невядома, будуць прагрэсаваць беларускія амерыканкі ці не будуць.

«І якая тут сувязь з Беларуссю? І што тады азначае месца ў зборнай Беларусі? Мы пачынаем так прыгандлёўваць самім паняццем», – працягвае журналіст.

Рэакцыя ЗША

За акіянам навіну пра наданне амерыканкам беларускага грамадзянства ўспрынялі са здзіўленнем. Адна з калумністак «The Huffington Post» пытаецца, ці можна ўявіць, што за тваю зборную будуць выступаць «людзі, якія не маюць ніякай сувязі з тваёй краінай, ніколі ў ёй не былі, не гавораць на тваёй мове і якія нічога не зрабілі, каб атрымаць права выступаць на чэмпіянаце свету». І сама ж дае адказ, што такое магчыма толькі ў «кафкіянскай фантазіі» ((напоўненай ірацыянальнасцю і абсурдам. – Заўв.). І такая фантазія стала суворай рэальнасцю для некаторых беларускіх гімнастак, што прэтэндавалі на месца ў зборнай.

Джон Ротлісбэргер, які тройчы прадстаўляў ЗША на алімпійскіх гульнях, кажа, што грамадзянства і краіна – гэта нашмат больш, чым індывідуальная магчымасць наведаць спартовыя спаборніцтвы. Гэтак ён каментуе інтэрв’ю, у якім амерыканскія гімнасткі кажуць, што зборная Беларусі – гэта добрая магчымасць для іх атрымаць міжнародны досвед.

Адразу пасля выступу ў Глазга артыкул пра «амерыканскіх беларусак» выходзіць на «Associated Press». У ім падаюцца словы Алэйны Кўан, якая працягвае бараніць сваю пазіцыю:

«Я разумею, што людзі маюць права на сваё меркаванне, але я ведаю, дагэтуль у маім сэрцы я застаюся грамадзянкай ЗША. Гэта ніколі не зменіцца для мяне. Я толькі хачу паглядзець, як далёка мяне завядзе гэты шлях».

Што думаюць беларускі, якіх выціснулі са зборнай

Ці не крыўдна, што месца беларусак у зборнай занялі амерыканкі? Адказвае маладая гімнастка, якая ўжо пакаштавала атмасферу міжнародных спаборніцтваў:

«Нават не ведаю, як вам адказаць. Мы проста з імі нават не знаёмыя, не ведаем, што яны з сябе ўяўляюць. Складана нешта сказаць, нам самім пакуль яшчэ нічога не гаварылі».

Дзяўчына мяркуе, што да выніку, які паказалі ў Глазга Алэйна Кўан і Кайлі Дыксан, магла б наблізіцца і беларуская спартоўка.

Іншая лічыць, што амерыканак адправілі на чэмпіянат свету без унутранага адбору толькі цяпер, далей жа Алэйна Кўан і Кайлі Дыксан такое права будуць заваёўваць у барацьбе з беларускамі. І кажа, што амерыканкі могуць стаць добрай матывацыяй для беларускіх дзяўчат:

«Нам трэба будзе ў любым выпадку набіраць праграму, бо ў праграме яны крыху мацнейшыя, але мы робім нумары крыху чысцей. Трэба будзе набіраць праграму, каб выступаць лепш за іх. Іх з’яўленне падштурхне нас да новых вынікаў».

Што далей

Спартовы журналіст Сяргей Канашыц лічыць, што не трэба спыняць бурнай дзейнасці Алены Скрыпель, якая цяпер кіруе Беларускай асацыяцыяй гімнастыкі. І выказвае сваё меркаванне пра сітуацыю ў беларускай гімнастыцы, якую за гады «безыніцыятыўнага гультайства і абыякавага маўчання давялі да стану, што на стале нават не засталося дробак». З якіх пасля б можна было зляпіць вынік. Сама ж Алена Скрыпель кажа пра глабальнае развіццё беларускай гімнастыкі, працу над вяртаннем трэнераў з былога СССР і спадзяецца на прагрэс 11-12-гадовых беларускіх гімнастак.

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

На здымку Алэйна Кўан і Кайлі Дыксан (фота pressball.by і gym-style.com)

Глядзі таксама
Каментары