Амбасадару Беларусі ў Літве ўручылі ноту пратэсту ў сувязі з пажарам на АЭС


Сёння амбасадар Беларусі ў Літве быў выкліканы ў МЗС Літвы, дзе атрымаў ноту ў сувязі з пажарам на АЭС у Астраўцы.

Амбасадару была выказана просьба, як мага хутчэй падаць падрабязную інфармацыю пра інцыдэнт, які адбыўся 17 лютага.

Пра інцыдэнт, які адбыўся больш за два месяцы таму, літоўскія кампетэнтныя органы і грамадскасць не былі праінфармаваныя.

МЗС адзначае, што ў 2016 годзе на Астравецкі АЭС здзейснілася шэсць вядомых Літве інцыдэнтаў, якія выклікаюць сур’ёзныя сумневы з нагоды якасці гэтага праекту.

«Раней быў сур’ёзны інцыдэнт на этапе будаўніцтва, тады Літва таксама пасылала запыт у Беларусь. І было пацверджана, што інцыдэнт меў месца. Мы паглядзім, што будзе зроблена з беларускага боку. Вядома, гэтая інфармацыя павінна быць праверана. Увесь працэс будаўніцтва вельмі важны для забеспячэння бяспекі і надзейнасці. Мы занепакоеныя тым, што такія рэчы здараюцца ў 50 кіламетрах ад Вільні, а нас не інфармуюць афіцыйна», – сказаў «Белсату» міністр энергетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас.

Нагадаем, што ўчора з’явілася інфармацыя пра тое, што ў лютым на будоўлі АЭС у Астраўцы адбыўся моцны пажар. Кіраўніцтва электрастанцыі запэўнівае, што пажару не было, а толькі адбылося кароткае замыканне на часовым сілавым кабелі. Гэта ўжо не першае здарэнне на будоўлі, якое намагаюцца схаваць ад грамадскасці і міжнародных структураў.

ГА, Ганна Русінава, belsat.eu

Стужка навінаў