Амбасадара Літвы запрасілі прыехаць на будоўлю Беларускай АЭС


Міністэрства энергетыкі Беларусі запрасіла пасла Літвы ў Беларусі Эвалдаса Ігнатавічуса асабіста наведаць месца будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі (БелАЭС). Як паведаміла прэс-служба ведамства, пасла Літвы запрасіў падчас адмысловага спаткання намеснік міністра энергетыкі Беларусі Вадзім Закрэўскі.

Нагодай для сустрэчы паслужыла публікацыя на Belsat.eu пра тое, што на будоўлі АЭС абвалілася частка апорнай канструкцыі будучага будынку кантролю ядравай бяспекі, а таксама каментары літоўскіх афіцыйных асоб у гэтым пытанні.

«Амбасадару перадалі падрабязную інфармацыю пра выкананне падчас узвядзення абʼекту ўсіх тэхнічных нормаў і рэгламентаў», – праінфармавалі ў прэс-службе. Акрамя таго, «амбасадару прапанавалі асабіста наведаць месца будаўніцтва і азнаёміцца з рэальнай сітуацыяй».

У прэс-службе паведамілі, што падчас сустрэчы амбасадару Літвы дэталёва патлумачылі пра «дэфект пры правядзенні падрыхтоўчых работ на адным з бытавых памяшканняў», які меў месца 8 красавіка 2016 года. «Было падкрэслена, што ўсе наступствы дэфекту былі ліквідаваныя ў поўнай адпаведнасці з дзейнымі пры будаўніцтве рэгламентамі і тэхналогіяй», – дадалі там.

У міністэрстве таксама адзначылі, што да канца 2016 года з ініцыятывы беларускага боку будуць праведзеныя стрэс-тэсты АЭС, якая будуецца, іх вынікі апублікуюць і накіруюць у Еўракамісію. Акрамя таго, будзе ажыццёўлена місія МАГАТЭ дзеля ацэнкі пляцоўкі і дызайну АЭС з улікам вонкавых уздзеянняў.

Пасля інфармацыі Belsat.eu, што на будоўлі АЭС абрынуліся стойкі апорнай канструкцыі будучага будынку ядравага абслугоўвання, начальнік аддзелу інфармацыі і грамадскіх сувязяў БелАЭС Эдуард Свірыд даводзіў, што ніякіх здарэнняў на абʼекце не было. Пазней Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла паслу Беларусі Аляксандру Каралю ноту праз «магчымы інцыдэнт на размешчанай за 50 км ад Вільні Астравецкай атамнай электрастанцыі». У выніку беларускае Міністэрства энергетыкі прызнала, што на будоўлі АЭС былі «дэфекты пры падрыхтоўчых працах».

Пра бязладны падыход уладаў Беларусі да справы АЭС сведчыць справаздача, якую беларускі бок даслаў у Літву ў перакладзе праз «Google Translate».

МЯ, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары