Амбасадар Украіны хаваецца ў Менску ад журналістаў і... украінскіх уладаў


Больш за паўгода Украінская Генеральная пракуратура беспаспяхова спрабуе дапытаць былога міністра абароны Міхаіла Ежэля ў справе растраты $ 5 млн. А той хаваецца ў Менску – на ўтульнай пасадзе амбасадара, з дыпламатычным імунітэтам і дзяржаўным акладам.

Дзе вы, спадар амбасадар? І дзе $ 5 млн?

Гэтымі пытаннямі следчыя ўкраінскай Генпракуратуры задаюцца ад жніўня 2014 году. Былы міністр абароны фігуруе ў якасці падазронага ў крымінальнай справе аб злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, што мела цяжкія наступствы.

Паводле следства, у 2011 годзе Ежэль аддаў загад аплаціць з бюджэту рахункі прыватных фірмаў за камунальныя паслугі і электрычнасць на суму больш за $ 5 млн.

Народны дэпутат Украіны Дмітро Тымчук атрымаў ад Генпракуратуры адказ на свой запыт – дзе цяпер знаходзіцца Міхаіл Ежэль і як прасоўваецца следства. Праваахоўнікі адказваюць, што расследаванне амаль завершанае, бракуе толькі галоўнага фігуранта, які 9 жніўня выехаў у Менск і з тых часоў на радзіму не вяртаўся.

«Паводле інфармацыі МЗС Украіны, ад 10 жніўня 2014 году Ежэль М.Б. знаходзіцца на лячэнні ў вайсковым шпіталі ў горадзе Менск, у сувязі з гэтым прыбыць ва Украіну не можа», – гаворыцца ў адказе Генпракуратуры.

Амбасада займае «кругавую абарону»

У амбасадзе Украіны пануе замяшанне. Дзе цяпер амбасадар? Ці выконвае ён свае функцыі? Ці журналісты могуць з ім сустрэцца? На ўсе гэтыя пытанні ў прадстаўніцтве Украіны не маюць адказаў.

«Ці спадар амбасадар працуе, як ён працуе – гэта ягоная справа. Інфармацыю пра расследаванне я каментаваць не магу. Акрамя таго, «Белсат» не акрэдытаваны ў Беларусі, пішыце афіцыйны запыт», – першы сакратар амбасады Марыя Гуцала ставіць пераможную бюракратычную кропку ў размове. Тэлефон прэс-службы маўчыць.

Тым часам на сайце амбасады змешчаная інфармацыя, што Міхаіл Ежэль (пэўна, нягледзячы на цяжкую хваробу) у лютым ушанаваў памяць Нябеснай Сотні. А 14 красавіка сустрэўся з актывістамі ўкраінскай дыяспары.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

«Так, сапраўды 14 красавіка была сустрэча ў амбасадзе. Але спадара амбасадара там не было. Я яго даўно, калі шчыра, ужо не бачыў», – гаворыць Віктар Гутоўскі з беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Ватра». Так што на якой сустрэчы быў зроблены фотаздымак, змешчаны на сайце амбасады, застаецца загадкаю.

Як удалося неафіцыйна даведацца «Белсату», Міхаіл Ежэль даўно не з’яўляецца і ў асяроддзі сваіх калегаў-дыпламатаў. «Сядзіць ўдома, бо нібыта ён афіцыйна ж – у шпіталі», – кажа ананімная крыніца з дыпламатычных колаў.

Амбасадар Шрёдынгера

З адказу Генеральнай пракуратуры Украіны дэпутату Тымчуку вынікае, што падозранні ў дачыненні Міхаіла Ежэля «пацвярджаюцца ў поўным аб’ёме доказамі, што былі сабраныя падчас следства».

Украінскі бок скіраваў беларускім праваахоўнікам просьбу дапамагчы высветліць: дзе знаходзіцца амбасадар Украіны. Але беларуская Генпракуратура адмовілася прадставіць такія звесткі.

У выніку, дзе цяпер знаходзіцца і чым займаецца Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Украіны, не ведае нават ягонае начальства. Зрэшты, Генпракуратура магла б спытаць пра амбасадара, які нібыта ёсць, але якога пры гэтым і няма, у прэзідэнта Парашэнкі. На сайце кіраўніка Украіны апублікаваныя фотаздымкі з візіту Парашэнкі ў Менск на перамовы ў Нармандскім фармаце. Амбасадар Ежэль – жывы і здаровы, суправаджае прэзідэнта.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

«Як мы бачым, МЗС не проста пакрывае розных сумнеўных асобаў часоў Януковіча. Тут абсалютна адкрыта забяспечваюць прытулак ад справядлівага пакарання высокім чыноўнікам мінулай улады. Над якімі занесены меч правасуддзя, але якія праз гэта не адчуваюць сябе менш камфортна, жывучы за кошт украінскага дзяржбюджэту і нават карыстаюцца дыпламатычным статусам. Нонсенс», – рэзюмуе Дмітро Тымчук.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў