Амбасадар Літвы адмовіўся ад запрашэння прыйсці на будаўнічую пляцоўку Астравецкай АЭС


Эвалдас Ігнатавічус матываваў сваю адмову тым, што бяспеку павінны ацэньваць эксперты, а не дыпламаты.

«Мяне запрасілі прыехаць і паглядзець будаўнічую пляцоўку пасля аднаўлення работ, але я адмовіўся ад гэтай прапановы, бо гэтым, на маю думку, павінны займацца эксперты», – цытуе Ігнатавічуса агенцтва BNS. Ён падкрэсліў, што выкананне патрабаванняў ядравай бяспекі павінна забяспечыць Міжнароднае агенцтва атамнай энергетыкі (МАГАТЭ), якое павінна правесці на АЭС гэтак званыя стрэсавыя тэсты.

На мінулым тыдні намеснік міністра энергетыкі Беларусі Вадзім Закрэўскі пацвердзіў інфармацыю, апублікаваную на belsat.eu, пра тое, што ў пачатку красавіка на АЭС меў месца інцыдэнт (абрушэнне стойкі будаванага ў Астраўцы будынку ядравага абслугоўвання электрастанцыі). Спачатку беларускі бок зняпраўджваў гэтую інфармацыю.

Літва зʼяўляецца галоўным крытыкам ідэі будаўніцтва беларускай АЭС, якая знаходзіцца ўсяго ў 20 км ад мяжы і ў 50 км ад Вільні. Менск адкідае прэтэнзіі Літвы, сцвярджаючы, што на АЭС будуць высокія стандарты бяспекі.

ЮВ, belsat.eu, паводле BNS, delfi.lt

Стужка навінаў