Амбасадар Беларусі ва Украіне: Беларусы на вайне? Не, не чулі…


«Ёсць вярбоўшчыкі, якія прапануюць, мяркуючы па ўсім, зарабіць. Але нармальныя людзі на вайну не паедуць. Калі ў мяне ёсць сям’я, ўладкаваны побыт, калі ў мяне ёсць праца, дык выбачайце мяне – куды я паеду? Гэта ж вайна. Прыкладаў, калі беларусы ваявалі б на чыімсьці баку на Усходзе Украіны і загінулі, мы не ведаем», – сказаў амбасадар Беларусі ва Украіне Валянцін Вялічка ў інтэрв’ю «Украінскім навінам».

Беларускі дыпламат таксама адзначыў, што з пачатку баявых дзеянняў на Данбасе ў Беларусь пераехала больш за 60 000 украінцаў. 

У кастрычніку 2014 г. дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва «БелТА» распаўсюдзіла заяву старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка адносна беларусаў на Данбасе.

Паводле Вакульчыка, удзел беларусаў ва ўзброеным канфлікце ва Украіне – крымінал.

«Пры гэтым няважна, на якім баку ваююць гэтыя беларусы. Гэта падпадае пад дзеянне нашага заканадаўства. У выпадку выяўлення доказаў такіх дзеянняў будзе прымацца рашэнне», – падкрэсліў кіраўнік КДБ.

Чытаць таксама: РНЕ працягвае набор добраахвотнікаў з Беларусі

Паводле беларускага заканадаўства, наймітам лічыцца асоба, што ваюе на тэрыторыі іншай дзяржавы па-за складам узброеных сілаў дзяржавы, якая з’яўляецца бокам канфлікту, ды атрымлівае за гэта грошы. За гэткае парушэнне закону пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў, з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары