Амапаўцы даставілі жанчыну ў радзільню на «ціхарскім» мікрааўтобусе


Быць можа, першы выпадак, калі сумнавядомы менскім актывістам міліцэйскі мікрааўтобус выкарысталі для добрай справы.

Прэс-служба менскай міліцыі паведамляе пра выпадак, калі два працаўнікі АМАПу дапамаглі цяжарнай жанчыне.

Спачатку інспектары ДАІ спынілі кіроўцу на трасе Менск-Магілёў, які ехаў на высокай хуткасці. Апынулася, што пасажырка – жанчына на 9 месяцы цяжарнасці і ў яе пачаўся спохап. Кіроўцу адпусцілі, аднак машына зламалася.

«У гэты час на дадзеным участку дарогі разам з калегамі з дзяржаўтаінспекцыі неслі службу працаўнікі нашага атраду – прапаршчык Дзмітрый Коржык і лейтэнант Дзмітрый Канапацкі. Не губляючы часу яны вырашылі аператыўна даставіць дзяўчыну ў радзільню на службовым мікрааўтобусе», – паведаміў намеснік камандзіра менскага АМАПу Аляксандр Кашталанаў.

У абласной радзільні жанчына нарадзіла хлопчыка.

Прэс-служба апублікавала фотаздымак двух працаўнікоў АМАПу на фоне службовага мікрааўтобуса. Гэтае аўта, магчыма, пазналі б многія актывісты, якіх затрымлівалі міліцыянты. Аднак дакладна ідэнтыфікаваць гэты мікрааўтобус могуць, бадай, што самыя працаўнікі міліцыі, бо на фотаздымку, апублікаваным прэс-службаю, нумары зарэтушаваныя.

Затрыманне актывістаў Леаніда Смаўжа і Юрыя Рубцова падчас «Чарнобыльскага шляху» у 2014 годзе.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў