АМАП затрымаў блогера, які збірае подпісы за адстаўку ўладаў Берасця


15 ліпеня на Калгасным кірмашы ў Берасці АМАП затрымаў блогера і актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанава, які збіраў подпісы за адстаўку ўладаў Берасцейскай вобласці.

Актывісты з’явіліся на рынку ў нядзелю адразу пасля традыцыйнай акцыі кармлення птушак, скіраванай супраць пабудовы пад Берасцем акумулятарнага заводу.

Анатоль Ліс – старшыня Берасцейскага аблвыканкаму. Аляксандр Рагачук – старшыня Берасцейскага гарвыканкаму. Уладзімір Сянчук – старшыня Берасцейскага райвыканкаму.

Без аніякіх лозунгаў берасцейцы выходзяць карміць птушак з канца лютага.

«З 14 красавіка мы збіраем подпісы за адстаўку Ліса, Рагачука і Сянчука, якія спрыяюць пабудове заводу. Калі мы сабралі 4000 подпісаў і адправілі іх [у Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы] яны нас пачалі гасіць, пачаліся суды. Сёння мы выйшлі і адмыслова нічога не казалі. Я фіксаваў збор подпісаў праз стрым, але мяне не ўзялі, хаця я лез да іх у машыну – яны мяне выкінулі», – кажа «Белсату» блогер Сяргей Пятрухін.

«Камісія па правам чалавека Палаты прадстаўнікоў пацвердзіла нам, што для калектыўнага збору подпісаў не патрэбны адмысловы дазвол», – дадае Пятрухін.

Акумулятарны завод «iPower» будуюць у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце». Мясцовыя жыхары лічаць, што прадпрыемства можа негатыўна паўплываць на экалогію ў рэгіёне. У студзені яны распачалі акцыі пратэсту. Пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі супраць будаўніцтва заводу амаль 40 тысячаў чалавек. Адміністрацыя кіраўніка дзяржавы паабяцала, што справай зоймецца адмысловая камісія.

ДД

Стужка навінаў