Амаль 5 тысячаў беларусаў падпісаліся за прапановы зоаабаронцаў да закону «Аб абыходжанні з жывёлінамі»


Актывісты заклікаюць улады забавязваць гаспадараў чыпаваць хатніх жывёлінаў ды не ўводзіць сумнеўныя ліміты на колькасць сабак і катоў у адной кватэры. Збор подпісаў працягваецца на сайце з электроннымі петыцыямі.

Дзякуючы ціску грамадскасці законапраект «Аб абыходжанні жывёлінамі» уключаны ў парламенцкі план на 2015 год. За аснову быў узяты праект, вынесены на разгляд Палаты прадстаўнікоў у 2011 г. (але не прайшоў другое чытанне). Законапраект быў істотна дапрацаваны, да кансультацыяў былі прыцягнутыя зоаабаронцы, ветэрынары, кінолагі ды іншыя спецыялісты.

Аднак у цяперашнім варыянце закону прапаноўваецца норма, паводле якой у адной кватэры можна ўтрымліваць толькі дзве жывёліны, што, на думку зоаабаронцаў, парушае канстытуцыйныя правы грамадзяніна і не адпавядае здароваму сэнсу.

«Норма не ўлічвае таго, што ўтрыманне жывёлінаў можа здзяйсняцца ў розных хатніх умовах: розны памер агульнай плошчы кватэры, вентыляцыя, гукаізаляцыя ды інш. Напрыклад, уладальніку кватэры ў 150 кв.м. з добрай гукаізаляцыяй будзе пастаўлены такі ж ліміт (два сабакі, напрыклад мопсы), як і таму, хто пражывае на 30 кв. м. з кепскаю гукаізаляцыяй (два сабакі, напрыклад догі), пры гэтым не ўлічваюцца ні матэрыяльныя магчымасці ўладальнікаў, ні параметры плошчы ўтрымання жывёлінаў, ні іх вага, ні рост, ні тэмперамент пароды», – зазначаюць актывісты зоаабарончых арганізацыяў.

У пытанні чыпавання зоаабаронцы перакананыя, што гэты «бяспечны і надзейны спосаб рэгістрацыі жывёлінаў, які выкарыстоўваецца ў большасці еўрапейскіх краінаў, мусіць стаць абавязковым для ўладальнікаў катоў і сабак у гарадскіх умовах, апроч выпадкаў, калі чыпаванне супрацьпаказанае ветэрынарам. Стварэнне цэнтралізаванай базы чыпаваных жывёлаў дазволіць гарантавана ідэнтыфікаваць любога згубленага, ці выкінутага гадаванца, уратуе ад трагічных сітуацый, калі не знойдзеныя цягам пэўнага часу жывёлы аказваюцца забітымі службамі адлову».

Адпаведныя звароты ад шэрагу зоаабарончых арганізацыяў скіраваныя ў Савет міністраў і іншыя інстанцыі, дзе цяпер  законапраект знаходзіцца на разглядзе. На момант падрыхтоўкі публікацыі петыцыю ў інтэрнэце падпісалі 4 182 асобы.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў