Аляксандру Лукашэнку зрабілі аперацыю


Кіраўнік Беларусі атрымаў траўму на трэнаванні па хакеі і мусіў паддацца аперацыі, заявіла сёння прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант.

Аперацыю правялі на каленным суставе, паведамляе агенцтва БелТА.«Прычынай аперацыі стала спартыўная траўма, атрыманая падчас адной з трэнаванняў па хакеі. Аперацыя была планавай, але праз шчыльны, насычаны графік прэзідэнта Беларусі правесці яе раней не было магчымым», – заявіла прэс-сакратарка.

Паводле яе, Лукашэнка адчувае сябе здавальняюча ды знаходзіцца ў сваёй загараднай рэзідэнцыі. Для ягонай рэабілітацыі спатрэбіцца 3-4 дні. Свае абавязкі кіраўнік Беларусі выконвае ў поўным аб’ёме, заявіла спадарыня Эйсмант.

Аперацыю лідару дзяржавы правялі ў Рэспубліканскім клінічным медычным цэнтры Кіравання справамі прэзідэнта Беларусі.

МЯ, паводле БелТА

Стужка навінаў