Аляксандра Герасіменя правяла майстар-клас у Берасці. Фотарэпартаж


Вядомая беларуская плыўчыха, прызёр двух апошніх Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя, адправілася ў тур па краіне, у межах якога дае ўрокі плавання юным спартоўцам.

Сённяшні майстар-клас Герасімені прайшоў у берасцейскім Цэнтры алімпійскага рэзерву па плаванні. Тут з 25 па 28 студзеня праходзіў першы старт новага сезона – Кубак Беларусі. У гэтых спаборніцтвах Аляксандра не ўдзельнічала, і прыехала адмыслова, каб сустрэцца з берасцейскімі аматарамі плавання.

Спачатку ў прэс-цэнтры Палацу водных відаў спорту Герасіменя адказала на пытанні – да сустрэчы была такая цікавасць, што зала не змясціла ўсіх ахвотных.

Адказваючы на пытанне, колькі ў яе медалёў, Герасіменя прызналася, што дакладна не памятае:

«Каля 130 залатых медалёў чэмпіянатаў Беларусі і каля 50 з буйных міжнародных стартаў».

Таксама ў Аляксандры спыталі пра самы прыгожы горад і басейн, на што плыўчыха заўважыла, што самы прыгожы горад назваць не можа: у свеце ёй падабаецца шмат гарадоў. А вось самы незвычайны басейн, на думку спартоўкі, быў на Алімпіядзе-2008 у Пекіне.

Беларуская зорка плавання адзначыла, што хацела б зʼездзіць яшчэ на адну Алімпіяду:

«Чатыры гады для мяне гэта вельмі шмат, не хацела б загадваць, але ў Токіа мне падабаецца, і мне хацелася б яшчэ раз выступіць на Алімпіядзе. Вось толькі калі да таго часу я змагу прэтэндаваць на нешта сурʼёзнае, бо ехаць проста так мне не цікава».

Пасля Аляксандра правяла і сам майстар-клас, падчас якога дзялілася сваймі сакрэтамі з выхаванцамі берасцейскага Цэнтру алімпійскага рэзерву па водных відах спорту.

У чым ідэя такіх майстар-класаў, алімпійская прызёрка падзялілася з карэспандэнтам Belsat.eu:

«Майстар-класы я праводжу для дзяцей і трэнераў. Бачу ў Берасці дзяцей, з якімі выдатна папрацавалі, бачу што тут ёсць спецыялісты высокага класа. Езджу па гарадах нашай краіны і ў шмат якіх месцах, на жаль, не так. Ёсць праблемы з кадрамі, ужо дарослыя дзеці не ведаюць і не ўмеюць як зрабіць элементарныя практыкаванні, зразумела, што трэба нешта выпраўляць, мяняць, каб быў рух наперад. І мне хочацца сустрэцца з юнымі плыўцамі і паразмаўляць, адказаць на пытанні, развеяць іхныя сумневы і страхі, магчыма, даць нейкі штуршок для далейшых поспехаў. Я бачыла, як плыўцы-пачаткоўцы пасля нашых сустрэч выконвалі нарматывы, і мне гэта прыемна. Калі я дапамагу хоць бы аднаму дзіцяці – буду шчаслівая».

Чытайце таксама:

Алесь Ляўчук, фотаздымкі Мілана Харытонава, belsat.eu

Стужка навінаў