Аляксандра Герасіменя на «Мова CUP»: Людзі спрабуюць размаўляць па-беларуску, і гэта галоўнае


Забег з дзяўчатамі на шыі, футбол, стрытбол, воркаўт, кіданне мабільных ды іншыя спартовыя і каляспартовыя цікавінкі сённяшняга фестывалю.

10 гадзінаў раніцы, а каля спартовага комплексу «Алімпійскі» неўзабаве не будзе дзе прыпаркавацца. Сюды ідуць і едуць цэлымі сем’ямі.

На пляцоўцы, арганізаванай для гульні ў футбол, размінаюцца ўдзельнікі. Агулам тут 32 каманды. На поле ад кожнай – пяць гульцоў і адзін брамнік. Гуляюць два таймы па 10 хвілінаў.

«У нас тут алімпійская сістэма. Прайграў – вылецеў. Але ж гэта не прафесійны турнір, а свята», – тлумачыць Васіль Князюк, прэс-аташэ мінскага «Дынама», які сочыць за працэсам гульні.

Непадалёк размінаюцца ўдзельнікі каманды ад міністэрства спорту і турызму. «Ну мы толькі за перамогай прыйшлі. Першае месца і не ніжэй!» – наперабой упэўніваюць яны.

Прыйшлі, каб паказаць дзецям мову і спорт

Ля галоўнага ўвахода ў спартовы комплекс спяваюць беларускія песні. Не выпускаючы з рук паветраныя шары, танцуюць дзеці.

«Мы сюды прыйшлі, каб паказаць дзецям, якія ў нас мерапрыемствы ёсць. Ну і каб да спорту бліжэй станавіліся, да мовы», – кажа Наталля Сафронікава. І сапраўды, адчуванне, што дзяцей ледзь не больш за ўдзельнікаў.

У самім комплексе каля настольнага хакея за ходам імправізаваных матчаў назіраюць Міхась ды яго сын, маленькі Кастусь. “Проста цудоўна, што зладзілі такі беларускі фестываль. Я сам вельмі рэдка размаўляю па-беларуску. Ёсць магчымасць пачуць мову і пагаварыць на мове”, ­– кажа Міхась. Кастусь яго перабівае: “Не-не. Гэта я хачу размаўляць”, ­­­­– упэўнівае хлопчык і цягне тату ў што-небудзь пагуляць.

Чэмпіёнка Беларусі па шахматах з грасмайстарам гулялі адразу з дзясятак партый

[vc_single_image image=”346800″ img_size=”large”]

Тут жа ідзе і турнір па шахматах. Чалавек з дзесяць сядзяць у адным шэрагу, кожны са сваёй партыяй, а з імі ўсімі адначасова гуляюць майстар спорту Беларусі Ланіта Стэцко ды міжнародны гросмайстар Уладзіслаў Кавалёў.

“Мне падабаецца ладзіць такія сеансы. Ты гуляеш з рознымі людзьмі, шмат пазіцый. Гэта цікава. Вельмі прыемна, што ў нашай краіне зладзілі такі фестываль. Добра, што дзеці могуць браць удзел. Вядома, у шахматах магло быць і больш удзельнікаў. Але і так добра. Сёння нядзеля, раніца, людзі спяць”, – усміхаецца Ланіта.

Герасіменя: людзі размаўляюць па-беларуску

[vc_single_image image=”346801″ img_size=”large”]

Тым часам каля басейна пачынаюць збірацца людзі. “Нам не трэба перамога, нам трэба проста паказаць усім клас!” ­– натхняе сваіх спартсменаў трэнер.

Тут жа і чэмпіёнка свету па плаванні Аляксандра Герасіменя. Яна рыхтуецца да забега хлопцаў з дзяўчатамі. “Мне бегчы не трэба, я буду сядзець на шыі ў Сяргея Шурко, ­­– усміхаецца яна.”

Пытаемся, ці задаволеная яна фестывалем. Бо мінімальным паказнікам паспяховых спаборніцтваў чэмпіёнка раней называла тысячу ўдзельнікаў. “Тысяча ці не, будзе бачна пазней. Здаецца, назбіраецца столькі. А ідэя, на маю думку, удалася. Я бачу, што людзі спрабуюць гаварыць адзін з адным па-беларуску. І ім падабаецца. Гэта галоўнае”.

“Пераможцу забегу – 50 метраў кілбасы”

[vc_single_image image=”346802″ img_size=”large”]

Тым часам удзельнікі актыўна рыхтуюцца да забегу. Размінаюцца і хлопцы, і дзяўчаты. Два забегі па шэсць пар. Пасля спаборнічаюць па тры лепшыя пары кожнага забегу.

Вядоўца тым часам аб’яўляе, што пераможцу чакае суперпрыз – 50 метраў кілбасы. Праўда ці жарт – не разбярэш.

Пара з Герасіменяй вылецела ўжо пасля першай спробы. А вось першае месца ўзялі “Літвіны”. Бегуном ад каманды абралі Аляксея Салдаценку. На шыі ён нёс Ірыну Дзюкараву. “Наверсе было экстрымальна. Увогуле я думала, што буду не на плячах, а на спіне, і гэта было на самой справе вельмі цікава!”, – узрушана распавядае дзяўчына. “Але мне было вельмі лёгка, проста незаўважна, – кажа пераможца Аляксей. – З дзяўчынай, дарэчы, бегаў упершыню. Дагэтуль ніколі не спрабаваў і не трэніраваўся”.

Каманду ад беларускамоўных курсаў “Мова Нанова” вядоўца фестывалю аб’явіў ледзь не самай масавай да актыўнай. Назбіралася чалавек 20 ды паўдзельнічалі яны ў шасці розных відах спорту.

“І хоць амаль нідзе не выйгралі, затое пафатаграфаваліся з Герасіменяй, – задаволены каардынатар каманды Максім Умецкі. – Хаця арганізацыя фестывалю магла быць і лепшай. Па-беларуску пагутарыць няма з кім”.

Так ці інакш, але людзі, што прыйшлі, сапраўды спрабавалі гаварыць на мове. Музыка гучала беларуская, вядоўцы па-беларуску звярталіся. І майстар-клас Аляксандра Герасіменя зладзіла па-беларуску. Сама ў ваду не палезла, але накіроўвала яшчэ пакуль маленькіх плывуноў, дапамагала.

Так што спорт па-беларуску можна лічыць нядрэннай спробай моўнага яднання. Куды ж мова пойдзе пасля спорту, можна толькі здагадвацца.

Настасся Маланка, belsat.eu

Стужка навінаў