Аляксандр Ярашук: Цягам года-двух заробкі ў Беларусі ўпадуць да 200$

video

Трэці месяц запар зніжаюцца заробкі. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, за кастрычнік, у сярэднім у краіне, працаўнікі атрымалі амаль на 200 тысяч рублёў менш, чым у ліпені.

Як сцвярджае Белстат, у сярэднім у краіне людзі зарабляюць крыху меней за 7 мільёнаў рублёў. Прычым, калі ў Менску намінальны заробак трымаецца збольшага на леташнім узроўні, у рэгіёнах сярэдняя выплата не дасягае і шасці мільёнаў.

«Я магу сказаць па сабе, пра сваіх знаёмых, родзічаў, і так далей, лічбы адрозніваюцца ў разы. Таму што сітуацыя пагаршаецца, у кагосьці прыбыткаў зусім няма, у кагосьці – зменшыўся, прычым, вельмі істотна» – кажа мужчына.

«Працэнтаў на 20 можа. Зараз заробку не даюць, усе шукаюць» – скардзіцца мінак. «У мяне сын працуе ў будаўнічай арганізацыі, дык у яго заробак на 50%, нават крыху больш» – дадае жыхар Магілёва. «Калі раней людзі атрымлівалі, былі прадпрыемствы, па 9 мільёнаў, па 12, то цяпер, я ведаю – чатыры мільёны» – абураецца жанчына.

Незалежныя прафсаюзы канстатуюць – асцерагаючыся хваляванняў, улады ўтрымліваюць менскія прадпрыемствы на поўным працоўным тыдні за кошт крэдытнай дапамогі. Апрача таго, сталічныя флагманы хранічна не плацяць рэгіянальным заводам за запчасткі. Або затрымліваюць разлік на многія месяцы. Рэгіянальныя працадаўцы, адпаведна, усё часцей вымушаныя адпраўляць работнікаў у змушаныя адпачынкі – за дзве траціны акладу і без прэміяў.

«Можа нейкае выключэнне зараз МАЗ, можа, трактарны завод, але мы ведаем, што летам ім выдзялялася істотная дапамога. І гэтая дапамога ім зараз дазваляе працаваць, але сутнасць гэтай дапамогі палягае ў тым, што працуюць, відавочна, на склад» – тлумачыць Аляксандр Ярашук, старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Між тым, у пераліку на сённяшні курс сярэдні афіцыйны заробак за кастрычнік склаў па Беларусі 380 долараў – на траціну менш, чым год таму.

«Хутчэй за ўсё, мы можам прагназаваць, што заробак упадзе да трохсот долараў, а цягам году-двух, і да двухсот долараў» – дадае Аляксандр Ярашук.

Улады заклікаюць беларусаў не лічыць свае прыбыткі ў доларах, бо, маўляў, абясцэньванне рубля не мае значэння, калі кошты ў краіне растуць павольна. Але ўвосень стрыманая да выбараў харчовая інфляцыя пачала даганяць дэвальвацыю. За апошнія два месяцы свіная грудзінка ў «Еўраопце» падаражэла на 20 %, сыр – на чвэрць, морква – у паўтара разу, а гуркі – больш, чым утрая.

Незалежныя прафсаюзы канстатуюць – высілкі ўладаў скіраваныя на тое, каб спускаць эканамічны абвал на тармазах, замест таго, каб рэформамі закладаць базу для аздараўлення. Пры такой палітыцы плаўнае пагаршэнне жыццёвага ўзроўню праглядаецца на гады наперад.

Станіслаў Івашкевіч

Глядзі таксама
Каментары