Аляксандр Тамковіч стварае энцыклапедыю невядомага пра вядомых людзей і збірае грошы на выданне


«Мазаіка жыцця» – праект журналіста Аляксандра Тамковіча, які аб’яднае нарысы пра вядомых літаратараў, музыкаў, журналістаў і іншых дзеячаў сучаснай Беларусі, на якіх часцей за ўсё забываецца афіцыйнае летапісанне. Унікальныя фотаздымкі, цікавыя гісторыі з жыцця, маналогі і інтэрвʼю складуць своеасаблівую мастацкую энцыклапедыю выбітных персонаў.

Гэта 19-я кніжка Аляксандра Тамковіча і першая з усіх, на выданне якой ён вырашыў збіраць грошы. Раней усе кніжкі пісьменніка былі некамерцыйнымі. Адпаведны праект па збору сродкаў на выданне ўжо стартаваў на краўдфандынгавай платформе talaka.by.

«Так скалася, што ўсе папярэднія свае кніжкі я выдаваў беcкаштоўна. Заўсёды былі нейкія магчымасці знайсці спонсараў. Але гэтым разам не атрымалася. Магчыма, таму, што інтарэс да Беларусі зменшыўся. Але таксама, я думаю, таму, што гэты праект не палітычны ў адрозненне ад большасці маіх папярэдніх кніжак. Гэтая кніжка – пра беларускі бамонд», – кажа пісьменнік.

«Мазаіка жыцця» – гэта цэлы праект, які, хутчэй за ўсё не скончыцца адным выданнем. Па-першае, таму што не ўсе героі, пра якіх аўтар хоча распавесці, змогуць памясціцца ў запланаваныя 350 старонак. Аляксандр Тамковіч кажа, што ў яго матэрыялу ёсць больш, чым на адну кніжку. Асаблівае месца адводзіцца фотаздымкам, і аўтар адмыслова шукае ўнікальныя, цікавыя выявы.

«Я не вельмі люблю фотаздымкі, якія ўсе ведаюць. Бывае, без іх не абысціся, але я імкнуся знайсці нешта такое, чаго не ведае ніхто», – кажа Аляксандр Тамковіч.

Сярод герояў, што зоймуць старонкі выданнях – Зміцер Вайцюшкевіч, Кася і Алесь Камоцкія, Адам Глобус, Алесь Аркуш, Віктар Марціновіч, Андрэй Хадановіч, Юлія Чарняўская, Артур Клінаў, Алена Анісім, Ігар Варашкевіч, Андрэй Кудзіненка, Сяргей Харэўскі і шмат хто яшчэ, чыі лёсы ўплятаюцца ў гісторыю і культуру сучаснай Беларусі.

Акрамя кнігі, Аляксандр Тамковіч вырашыў скласці віртуальную галерэю імёнаў, дзе змесцяцца асобы, біяграфіі, інтэрвью і фотаздымкі. Але гэтая ініцыятыва не ўваходзіць у праект «Мазаіка жыцця». Краўдфандыць Аляксандр Тамковіч толькі на папяровае выданне.

«Я не ведаю, што будзе з Інтэрнэтам праз 20-30 гадоў. І ніхто не ведае, гэта немагчыма ўявіць, улічваючы, як рухаюцца наперад тэхналогіі. Але папяровая энцыклапедыя, якую мы створым, будзе патрэбна людзям, яе будуць глядзець. Нас ужо не будзе, а людзі змогуць чытаць, што там адбывалася», – распавядае аўтар.

На пытанне, чым яго прывабіў менавіта краўдфандынг як шлях пошуку сродкаў, Аляксандр Тамковіч адказвае, што не хоча, каб на выбар спісу герояў, або на змест кнігі нехта ўплываў, акрамя яго самога, ягонага досведу і адчування пісьменніка і журналіста.

«Спонсары – гэта часцей за ўсё тыя, хто займаецца бізнесам. А яны будуць дыктаваць, якую вокладку зрабіць, які колер, афармленне. А таксама, я не хачу, каб быў нейкі ўплыў на склад персонаў, якія ўвойдуць у змест. У сённяшняй Беларусі многія вельмі перастрахоўваюцца», кажа журналіст.

Аляксандр Тамковіч абяцае выдаць кніжку адразу пасля заканчэння кампаніі па збору сродкаў, што працягнецца месяц. Работа над гэтай кнігай доўжыцца ўжо пяць гадоў.

«Колькі прыхільнікаў у Вайцюшкевіча? У кожнага з маіх герояў шмат аматараў, прыхільнікаў. Мне хочацца напісаць менавіта для іх, каб ім было цікава. Гісторыі, якія я буду расказваць, для навукоўцаў нічога не будуць значыць. Гэта павінна атрымацца папулярна – невядомае пра вядомых людзей», – кажа Аляксандр Тамковіч.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары