Аляксандр Няўзораў пра пытанне журналіста «Белсату» лідару «Начных ваўкоў»: Залдастанаў член секты «перамогі»


Вядомы расейскі журналіст назваў прапуцінскага байкера ахвярай культу.

Такім меркаваннем Аляксандр Няўзораў падзяліўся ў эфіры расейскага тэлеканалу «Дождь», адказваючы на пытанне журналісткі адносна «правакацыйнасці» пытання, якое журналіст «Белсату» задаў кіраўніку прапуцінскага байкерскага клубу.

«Супрацоўніцтва сталінскага і гітлераўскага войскаў: супольны штурм Берасця, парады, неверагодная любоў адзін да аднаго ў медыях і г. д. Сёння існуе секта «перамогі», якая не хоча мець нічога супольнага з сапраўднай гісторыяй. Як справядліва зазначыў Каўцкі [Карл Каўцкі – нямецкі эканаміст і гісторык. – заўв. belsat.eu], усе культы, усе культы, у тым ліку і хрысціянскі, яны ствараюцца праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля таго, як сапраўдныя падзеі сціраюцца з памяці. А каб культ быў моцны, патрэбна, каб уся праўда была вытраўленая, бо праўда штука непрыемная, брудная, колкая, непадатлівая і зусім не такая гераічная, як хацелася б. І Залдастанай таксама не хоча ведаць гэтую праўду», – упэўнены Аляксандр Няўзораў.

Нагадаем, што берасцейскі журналіст нашага тэлеканалу Алесь Ляўчук спытаў у Залдастанава пра хаўрус СССР і Нямеччыны (пакт Рыбэнтропа – Молатава). «Начны воўк» палічыў пытанне правакацыяй і штурхнуў журналіста.

Паводле расейскага палітолага Станіслава Бялкоўскага, нязручнае пытанне байкеру-патрыёту было стрэлам «у дзясятку».

«Я мяркую, што гэта святы абавязак журналіста – правакаваць патрыятычна настроенага байкера, бо гэта адзінае, дзеля чаго такі байкер патрэбны. Пытанне было абсалютна справядлівае, паколькі гітлераўская Нямеччына і Савецкі Саюз падтрымлівалі адзін аднаго на пачатку Другой сусветнай вайны – гэта факт. Што не змяняе таксама і таго факту, што Брытанія з Францыяй вялі дзіўную вайну і зусім не збіраліся ратаваць Польшчу і тым самым падгульвалі Гітлеру. Я мяркую, што Залдастанаў мог нешта ўцямнае адказаць, але ён быў вельмі расчараваны тым, што яго не пускаюць у Берлін. Не разумею, навошта перціся ў Берлін. У Расеі мотапрабегі чамусьці не праводзяцца», – зазначыў расейскі палітолаг Снаніслаў Бялкоўскі ў эфіры тэлеканалу «Дождь».

1 траўня польскія памежнікі чарговы раз не прапусцілі ў Еўразвяз калону «Начных ваўкоў».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў