Аляксандр Мілінкевіч: У Беларусі склалася трагічная сітуацыя з ліквідацыяй дрэваў


Год таму мы распавялі як берасцейская мастачка Ганна Радзько выратавала дрэва ў сваім двары. Сітуацыя паўтарылася ў іншым берасцейскім двары. Гэтым разам на абарону дрэваў стаў былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч.

Знішчаць дрэвы ў Берасці камунальныя службы пачалі 1 лютага. Камунальнікі называюць гэты працэс «падпілкаю дрэваў», фактычна знішчаючы ўсю крону.

«Мы бачым ліквідацыю дрэваў у Беларусі. Уздоўж дарог старадаўнія дрэвы знішчаюць, у падворках, на цэнтральных вуліцах. І ўсе гэта нібыта добраўпарадкаванне, бо хочуць зрабіць прыгожую крону і ліквідаваць хваробу ў дрэва, а на самой справе ліквідуюць амаль усе галінкі. У выніку застаецца слуп, які рэдка вясной прарастае. Проста кіслароду ў горадзе не будзе, прыгажосці не будзе. І нават, калі вырастуць гэтыя галінкі вясной, то будзе слуп, з якога тырчаць непрыгожыя галінкі, а дрэва мусіць мець крону», – кажа Аляксандр Мілінкевіч.

Двор Аляксандра Мілінкевіча пасля візіту камунальнікаў

«Такіх прыкладаў вельмі шмат. У маёй роднай Горадні таксама выразаюць старыя дрэвы, а іхнае месца садзяць маленькія. Можа да праўнукаў яны вырастуць, але мы застаемся без дрэваў. Нават кіраўнік дзяржавы Лукашэнка сказаў: а вы іх садзілі? Яму дайшло, што людзі пратэстуюць. Я пытаю ў рабочых чаму яны не спыталі ў людзей? А мне адказваюць – гэта зямля гораду і пытацца не трэба», – дадае былы лідар апазіцыі.

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава (фота), belsat.eu

Стужка навінаў