Аляксандр Мілінкевіч: У 2006 годзе рыхтаваліся правакацыі. Мы іх пазбеглі

video

Якія правакацыі рыхтаваліся падчас пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 года? Чаму Аляксандр Мілінкевіч ганарыцца тым, што падчас пратэстаў у 2006-м з галавы міліцыянта не ўпаў ніводзін валасок? Чаму ён не падтрымлівае эканамічных санкцыяў супраць Беларусі, але выступае за персанальныя? Інтэрвю Аліны Коўшык аб пратэстах у Беларусі, рэакцыі Захаду і ўплыве Масквы.

– Спадару Аляксандр, чаму не звяртаюць увагу на збіццё, на брутальныя адносіны беларускіх уладаў да сваіх грамадзянаў?

– Вядома, тое, што адбываецца, – непрымальна. Ідзе суцэльнае парушэнне правоў чалавека і беларускага заканадаўства. Па-першае, Захад заняты сваймі вялікімі праблемамі. Па-другое, ён вельмі моцна заангажаваўся ў супрацу з Беларуссю з надзеяй на дыялог, каардынацыю дзейнасці, інтэграцыю ў еўрапейскую палітыку і еўрапейскую эканоміку – таму ён не спяшаецца. Але часу вельмі мала, і калі так будзе працягвацца далей, напэўна, Захад вымушаны будзе рэагаваць. Там ёсць дэпутаты, якія скажуць: «Чаму так адбываецца – няма дэмакратыі, а мы не рэагуем?»

– То бок Вы верыце ў тое, што на Захадзе дэмакратычныя каштоўнасці перамогуць гэтую Realpolitik адносна Беларусі?

– Захад розны. І ў Еўрапарламенце ёсць розныя дэпутаты, для адных гэта нічога не значыць: там ёсць групы, блізкія да вельмі крайне радыкальных, амаль фашысцкіх, ёсць ультракамуністы, левыя – самыя розныя людзі з рознымі каштоўнасцямі. Але збольшага Еўрапарламент усё ж такі адстойвае дэмакратычныя каштоўнасці. Толькі мы не павінны думаць, што хтосьці за нас нешта зробіць: мы самі не можам, а вось, Захад, зрабі. Ён будзе сваё рабіць, і гэты партнёр вельмі важны, але перш за ўсё – мы. Таму вельмі важна, каб людзі адчулі, што іхныя правы парушаюцца.

– Статкевіч, Саннікаў і Шушкевіч заклікалі да таго, каб працягваць санкцыі. А на Вашую думку, што трэба рабіць?

– Я даўно быў супраць эканамічных санкцыяў адносна Беларусі. Улада жыла добра і будзе жыць добра. Гэта бʼе па простых людзях, у якіх і так праблемы ёсць. Персанальныя санкцыі – адказнасць за парушэнні закону – гэта яшчэ нармальна. Што да эканамічных, я праціўнік, і больш за тое, калі ў нас ёсць эканамічныя санкцыі, настроі менш праеўрапейскія, менш прадэмакратычныя. Людзі кажуць: «Ніхто нас на Захадзе не чакае, трэба ісці на Усход» – а там вядома што. Калі ёсць санкцыі – больш людзей сядзіць у турмах, бо ніхто не звяртае на правы чалавека асаблівай увагі. Я думаю, што гэта не на карысць нашым шанцам на дэмакратычную, беларускую Беларусь.

– Якія Вы бачыце варыянты развіцця падзеяў 25 сакавіка? Які можа быць найгоршы сцэнар?

– Самы горшы сцэнар – радыкальны сцэнар, пралітая кроў. Я катэгарычна не хачу, каб да гэтага дайшло. Гэта не на карысць нікому, можа, акрамя Расеі. Таму я лічу, што трэба зрабіць усё, каб гэта была мірная дэманстрацыя. Гэта суперважна: гэтага хочуць і самі людзі, што выйдуць, і большасць лідараў, можа, нават усе. Адзінае, каб не адбылося такога радыкальнага сцэнару, трэба, каб быў супольны план дзеянняў – гэта вельмі важна.

Аляксандр Мілінкевіч і прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі ў Варшаве 30 сакавіка 2006 г. REUTERS/Katarina Stoltz

– Ці ёсць ён?

– Яго няма. Я толькі што тэлефанаваў у Менск. Сказалі, што было доўгае паседжанне арганізацыйнага камітэту – канчатковага рашэння не прынялі. Гэта кепскі знак. Таксама я лічу, што калі людзі выходзяць на такую акцыю, варта ісці дазволеным маршрутам. Бо недазволеныя маршруты прыводзяць да неадэкватных рэакцыяў: напрыклад, 2010 год…

– Вы казалі, што падчас прэзідэнцкай кампаніі ў 2006 годзе Вам удалося перадухіліць некалькі правакацыяў. Што гэта былі за правакацыі, якім чынам Вы іх раскрылі? Цяпер гэта вельмі важнае пытанне.

– Я нават сказаў у адным інтэрвʼю, што ганаруся тым, што ніводзін валасок з галавы міліцыянта не ўпаў. Некаторыя нападалі: «Ну што ж ты кажаш?! Яны нас бʼюць, а ты пра валаскі!» Я лічу, што калі мы хочам заваёўваць сэрцы людзей, вельмі важна, каб нашыя акцыі былі мірнымі, нават калі ўлада мірна не хоча. Па-другое, я ганаруся, што ў 2006 годзе ўдалося пазбегчы правакацыяў. Гэта былі прымітыўныя правакацыі: нападзенне пʼяных людзей, што хацелі справакаваць бойкі, спробы падысці з алкаголем у намётавае мястэчка. Былі і правакацыі, што рыхтаваліся загадзя, – я пра іх напішу ў мемуарах. Уначы напярэдадні 19 сакавіка 2006 года я размаўляў з тымі групамі, што планавалі радыкальныя дзеянні, у выніку іх удалося пазбегчы. Гэта былі спробы настроіць частку апазіцыі на радыкальныя дзеянні супраць міліцыі: біццё шкла, напады і г. д. – нешта падобнае было ў 2010 годзе. Я шчаслівы, што ў 2006-м гэтага не было, і аўтарытэт апазіцыі, нягледзячы на страшную прапаганду, узрос пасля 2006 года. Усе сказалі: «Гэта годныя людзі, яны змагаліся за нас таксама».

– Што мы можам зрабіць сёння? Да 25 сакавіка застаецца амаль тыдзень. Што самае важнае цяпер?

– Я вельмі хацеў і хачу, каб разумелі сваю адказнасць тыя, хто выводзіць людзей. Каб яны дамовіліся. Кожны чалавек, які выходзіць, адказвае за сябе, за сваю сямʼю, за дзяцей – за вузкае кола людзей. Лідар, які выводзіць людзей на вуліцу, адказны за ўсіх, каб не пралілася кроў, каб не было смерці, каб не было збіцця, турмы. Таму адказнасць гэтых людзей – суперважная. Калі яны не дамовяцца – можа быць кепска. Ні ўлада, ні дэмакратычная апазіцыя, ні простыя людзі, што прыедуць, не зацікаўленыя ў радыкальных дзеяннях. Перш за ўсё гэта цікавіць Маскву.

– Пра руку Масквы: некаторыя наўпрост называюць некаторых лідараў апазіцыі агентамі. Дзе праўда?

– Некаторых называюць агентамі рэжыму, некаторых – агентамі Масквы. Я вельмі асцярожны ў такіх ярлыках, лічу, можна гэта рабіць толькі пры наяўнасці фактаў. Але некаторыя дзеянні могуць спрыяць таму ці іншаму сцэнару. І сцэнар для Беларусі – незалежна ад таго, ці ты ва ўладзе, ці ты ў апазіцыі, ці ты проста працаўнік на заводзе – гэта перш за ўсё мірныя пратэсты. Я вельмі шчаслівы, што беларусы адчулі, што ў іх ёсць годнасць. Яны выходзяць і кажуць: «Мы так больш не хочам! Гэта прыніжэнне – так жыць. Рабіце рэформы». Гэта ж добрае жаданне, трэба было іх яшчэ ўчора рабіць. Але калі людзі гэтага не скажуць, улада можа яшчэ цягнуць: яна баіцца рэформаў, яна не заўсёды ўмее іх рабіць. За кошт датацыяў яна жыла спакойна, цяпер прыйшоў момант, калі ўсе патрабуюць пераменаў. У гэтым сэнс вуліцы вельмі важны. Трэба ўсё зрабіць так, каб беларусы мелі шанец на жыццё еўрапейскае, мірнае, годнае, а што далей – ад нас залежыць.

Аляксандр Мілінкевіч на спатканні са сваімі выбаршчыкамі, г. Гомель, 14 сакавіка 2006 г. REUTERS/Vasily Fedosenko

– Мікалай Статкевіч казаў, што сустракаўся з прадстаўнікамі амбасадаў Вялікай Брытаніі, Злучаных Штатаў. Таксама прадстаўнікі Парламенцкай Асамблеі Еўропы запэўнівалі яго ў тым, што ўлады будуць дзеяць карэктна. Ці можа гэта спрыяць таму, што не будзе брутальнага сцэнару 25 сакавіка?

– Будзе брутальны ці не – гэта залежыць, вядома, ад улады. Перш за ўсё – ад тых хлопчыкаў, што гуляюць у спартовых касцюмах і гэтых сваіх шапачках, і тых людзей, што імі камандуюць. Залежыць ад апазіцыі, ад лідараў, і ад сцэнару Масквы. Некаторыя кажуць: «Хопіць вам пра Маскву, тут усё вырашаецца ўнутры краіны». На выбарах 2001, 2006 і 2010 гадоў быў сцэнар Масквы, які з большым ці меншым поспехам рэалізаваўся. Мэты былі простыя: разбіць дэмакратычную прабеларускую апазіцыю, аслабіць Лукашэнку, каб ён хутчэй інтэграваўся. Цяпер іншыя мэты, іншая сітуацыя, гэта не выбары, але небяспека заўсёды ёсць. Трэба казаць пра тры бакі: Расея, беларуская ўлада і беларускі народ.

– Ці ёсць тая небяспека, якая можа прывесці да таго, што ўлада ў Беларусі нарэшце зменіцца? І будзе каго запрашаць нам на Балта-Чарнаморскія паседжанні ды форумы былых прэзідэнтаў.

– Улада ў Беларусі павінна мяняцца, нават калі застанецца часткова сённяшняе кіраўніцтва, патрэбная новая плынь. Патрэбныя людзі адукаваныя, з еўрапейскімі дыпломамі, людзі, якія ведаюць, як рабіць рэформы. Тыя, хто паспяхова рабіў рэформы ў Эстоніі, у Польшчы, у Грузіі, – рабілі менавіта маладыя, і нам не хапае іх ва ўладзе. Я маю надзею, што такія людзі прыйдуць.

– Але мы ведаем, ад каго ўсё залежыць.

– У тым і рэч: вырашае адзін чалавек, такая сістэма пабудаваная, і яна неэфектыўная. Хто больш паўплываў, хто першы прыйшоў з дакладам – таго думка і выконваецца. Я веру ў Беларусь. Я лічу, што мы – сапраўды еўрапейскі народ і па адукацыі, і па культуры, і па мове, і па гісторыі. Ёсць шанец, але ён не будзе вечна доўжыцца. Сёння ёсць, заўтра можа яго не быць.

– Будзем спадзявацца, што гэты шанец мы, беларусы, будзем у стане ўтрымаць. Дзякуй за размову.

– Дзякуй.

Размова адбылася ў студыі праграмы «ПраСвет з Алінай Коўшык».

Іншыя тэмы выдання:

· Інтэрвʼю з Зянонам Пазняком: «Бандыцкім нападам можна супраціўляцца толькі сілай»

· Што можа былы прэзідэнт? Навошта аксакалы Усходняй Еўропы сустрэліся ў Літве? Лех Валэнса, Віктар Юшчанка і Вітаўтас Ландсбергіс пра Міжморе.

Глядзі таксама
Каментары