Аляксандр Лукашэнка: Расея ніколі не будзе ваяваць з Беларуссю


Пра канфлікт ва Украіне

«Абсалютна не падтрымліваю ніякіх войскаў ва Украіне. Ні расейскіх, ні якіх-небудзь іншых. Тое, як падаецца канфлікт у расійскіх СМІ, ― гэта пасмешышча. Тое самае робіцца з боку ўкраінскіх СМІ ― ідзе інфармацыйная вайна. Уварванне якіх бы там ні было войскаў і наймітаў не падтрымліваю. Я калі сустракаўся з Турчынавым, сказаў яму, што ніколі гэтага не адбудзецца. Ніколі з нашай тэрыторыі ніхто не будзе атакаваць Украіну, калі гэта не будзе супярэчыць нашым інтарэсам або калі Украіна сама нападзе на Беларусь. Але такога ніколі не будзе. Ніякай інтэрвенцыі з тэрыторыі Беларусі ва Украіну не будзе».

Пра расейскія вайсковыя базы ў Беларусі

«На нашай тэрыторыі дзве абсалютна мірныя ваенныя базы. База ў Баранавічах ― там, напэўна, 3 чвэрці нашых людзей служаць. База ў Ганцавічах ― можна сказаць інжынерная высокатэхналагічная станцыя, якая вядзе кантроль за пускам ракет. Яны могуць атакаваць Украіну? Не. У нас ёсць невялікая група мытнікаў і некалькі расейскіх памежнікаў, паколькі мяжы паміж Расеяй і Беларуссю няма. Я даў дабро, каб іх назіральнікі маглі з нашага ведама паглядзець. Гэта дзесяць чалавек».

«Самалёты я ў іх прасіў: «Дайце ці прадайце за танна дзясятак самалётаў. Чэмпіянат свету мне трэба ў плане бяспекі забяспечыць. Яны сказалі, што могуць 3 самалёты даць. Я кажу: Добра, адзін ваш лётчык і два нашыя. Я не ведаю, нясуць яны цяпер дзяжурства ці не. Па-мойму, яны з’ехалі сёння. Самалётаў расейскіх у нас тут няма».

Лукашэнка ўзору 1994 года

«Тады яшчэ больш жорстка было. Тады заплацілі людзям і сказалі: «Вось так вось павінна быць». Але тады людзі валам ішлі за Лукашэнку галасаваць. Тады яшчэ больш жорстка лічылі. Не ў гэтым справа. Сітуацыя іншая і вонкавая, і ўнутраная. Але наўрад ці б я перамог, калі б цяпер быў на іх месцы. Таму што людзі многа зразумелі. Цяпер у людзей ёсць, што губляць. Ніхто не хоча жыць у краіне, якая ваюе».

Лукашэнка лічыць, што сённяшняя апазіцыя «занадта далёкая ад народа».

«Ужо занадта далёкія яны ад народа. І вы ж не верыце ў сваю перамогу ― усюды пішаце, што Лукашэнка пераможа. Нават тыя, хто хацеў супраць мяне змагацца, думаюць: «Ну, Лукашэнка пераможа».

Пра дэбаты

«Назавіце прозвішча. Пра што я з імі буду размаўляць? Кебіч быў прэм’ерам і ён зрабіў ласку, каб з Лукашэнкам дэбатаваць. Пра што мне гаварыць з Някляевым? Я не баюся з імі сесці і абмяркоўваць нешта».

Пра выбары і падлік галасоў

«Я кажу: Не чапайце ― хай збіраюць подпісы, дзе хочуць. Але калі вы ўпэўненыя ў тым, што мы можам перамагчы, ну навошта ствараць праблемы? Нават калі яны дзесьці парушылі правілы. Такую я даю ўстаноўку. Усе на роўных умовах.

Памятаю, з якой цяжкасцю я збіраў подпісы ў першую прэзідэнцкую кампанію. Я бегаў па камісіях, каб даказаць, што гэтыя подпісы рэальныя. 120 тысяч подпісаў нам залічылі са 170 тысяч. Напэўна, не паспелі нас такім чынам выбіць. Я не хачу, каб так было цяпер.

Вы будзеце мець магчымасць і сачыць за падлікам галасоў, і быць на ўчастках. І вы зможаце атрымаць усю інфармацыю. Я вам гэта гарантую».

Пра вонкавыя крэдыты

«Ва Уфе мы далі сабе клятву, што за пяць гадоў вырашым праблему даўгоў. Мы будзем праводзіць мадэрнізацыю больш спакойна і не пазычаць такія вялікія грошы. У гэтых даўгах шмат сродкаў, якія пайшлі толькі пад мадэрнізацыю. Гэтыя грошы не праядаюцца, мы іх выдаткавалі на мадэрнізацыю прадпрыемстваў».

Пра заробкі

«Ведаючы, што не можам павышаць зарплаты, мы сталі рэгуляваць кошты. І па многіх пытаннях, дзе дзяржава рэгулюе кошты, мы іх замарозілі фактычна. Сітуацыя складваецца такім чынам, што мы зарплаты павышаць не можам. Мы прывязалі зарплату да аб’ёмаў вытворчасці. Калі няма вытворчасці, то і заробак павышаць няма за што. Грошы друкаваць мы не будзем. Я ўпэўнены, што на працягу года-двух мы вернемся на той узровень заробкаў, які быў учора. Нават калі сітуацыя на нашых традыцыйных рынках будзе такая ж, як цяпер».

Пра ідэю «русского мира»

«Гэта не праўда, што большасць за рускі свет. Я пытаўся ў пасла (расейскага ― заўв. Еўрарадыё): »Што значыць збіранне рускіх зямель і што такое рускі свет?«. Ніхто мне так і не патлумачыў. Але цяпер гэта так не гучыць у расейскіх СМІ. Ідэя рускага свету ― гэта глупства, якое нехта прапанаваў прапагандзе. Гэта надуманы і дурны тэзіс, а прэзідэнту Расеі не варта прыпісваць той пазіцыі, якой ён ніколі не прытрымліваўся. Я думаю, гэта пытанне знята з парадку дня».

Пра стасункі паміж Беларуссю і Расеяй

«Расея ніколі не будзе ваяваць з Беларуссю. Гэта будзе катастрофа для самой Расеі. І вы ў гэта не верыце, я не ведаю, чаму вы пра гэта пішаце, што там ва Украіне, а мы наступныя. Беларусь засталася адзіным сумленным прыстойным саюзнікам Расейскай Федэрацыі, ― заявіў Лукашэнка, адказваючы на пытанне журналіста »Свабоды« Валерыя Каліноўскага. ― Ваша бяда ў тым, што вы не ведаеце, што адбылося ва Украіне і што адбываецца. СМІ стварылі нейкі трэнд таго, што адбываецца ва Украіне. Я ведаю сітуацыю больш глыбока. Не трэба было падстаўляцца. Можа заўтра нехта захацеў бы адрэзаць кавалак Палесся. Вы ўяўляеце, якой была б мая рэакцыя і нашага народа? Мы б ваявалі за кожны кавалачак зямлі»…

Пра беларускую мову

«З малодшым сынам усё больш размаўляю па-беларуску. Я заўсёды дэманстраваў сваю пазіцыю, што нікому нельга ўказваць, на якой мове размаўляць. Сваёй роднай мовай беларускую лічаць больш за 60% насельніцтва. Калі б мы пачалі ціснуць, было б наадварот».

Журналісты з «Радыё Свабода», «Еўрарадыё» і «Tut.by» сустракаюцца з кіраўніком дзяржавы. Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі адвяла для інтэрвю 1,5 гадзіны.

Журналісты «Еўрарадыё» і «Радыё Свабоды» папрасілі аб інтэрвю падчас прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў студзені. Прэс-служба кіраўніка краіны запрасіла на інтэрвю таксама прадстаўніка «Tut.by». Журналістаў тэлеканалу «Белсат» на сустрэчу да Лукашэнкі не запрашалі, зрэшты як і на прэс-канферэнцыі з ягоным удзелам.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў