Аляксандр Лукашэнка спаборнічае з муміяй Леніна за месца ў Крамлі


 

 

Пасля чарговай хвалі чутак пра хваробу ці нават смерць расейскага лідара як прычыну ягонай адсутнасці на публіцы «Белсат» запытаў беларусаў, хто, на іх погляд, мог бы стаць наступным гаспадаром Крамля.

Мы адмыслова не пералічвалі прозвішчы ўсіх самых папулярных пераемнікаў Уладзіміра Пуціна, якія фігуравалі ў расейскіх СМІ: прэм’ер-міністра і экс-прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева, мэра Масквы Сяргея Сабяніна, кіраўніка «Роснафты» Ігара Сечына, міністра абароны і экс-міністра па надзвычайных сітуацыях Сяргея Шайгу, кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі Рамзана Кадырава. Разлік быў на тое, каб інтэрнаўты таксама прапаноўвалі свае кандыдатуры.

У выніку перамагла палітычная сатыра: галоўным прэтэндэнтам на кабінет Уладзіміра Пуціна з велізарным адрывам галасоў стаў іншы палітычны «доўгажыхар» – мумія Леніна. Другое месца заняў Аляксандр Лукашэнка, трэцяе – Рамзан Кадыраў.

«Пуцін з Мядзведзевым ужо мяняўся, прыйшоў час мяняцца з Леніным», – жартуе Vitali Zhyburtovich. «… мумія Леніна і так кіруе расейцамі, побач з Крамлём», – дадае Артур Занкевіч.

Апытанне мы правялі ў сацыяльных сетках «Вконтакте» і «Facebook». Удзельнікі называлі таксама расейскага віцэ-прэм’ера Дзмітрыя Рагозіна, экс-кіраўніка нафтавай кампаніі «ЮКОС» Міхаіла Хадаркоўскага, якога Пуцін дзесяць гадоў пратрымаў за кратамі, а таксама тэлевядучай Ксеніі Сабчак, якая цягам года ўваходзіла ў Каардынацыйны савет расейскай апазіцыі.

Сярод іншых прапанаваных намі прэтэндэнтаў былі: старшыня Федэральнай службы бяспекі Расеі Аляксандр Бортнікаў, спявак Іосіф Кабзон, экс-прэзідэнта Украіны Віктар Януковіч, старшыня Ліберальна-дэмкратычнай партыі Расеі Уладзімір Жырыноўскі, адыёзны тэлевядучы Дзмітрый Кісялёў і Аляксандр Суркоў – чалавек, якога не існуе (гэта гібрыд ад з імя амбасадара Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава ды прозвішча памочніка Расеі Уладзіслава Суркова, аднак памылкі ніхто не заўважыў).

Чарговая хваля чутак пра стан Уладзіміра Пуціна з’явілася пасля тыдня ягонай адсутнасці на публічных імпрэзах і пераносу сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і Нурсултанам Назарбаевым у Астане. Прэс-сакратару расейскага лідара давялося іх абвяргаць двойчы. 11 сакавіка ён паведаміў журналістам, што «прэзідэнт добра пачуваецца». Пасля гэтага тэма здароўя кіраўніка Крамля стала яшчэ больш папулярнай. 12 сакавіка Дзмітрый Пяскоў распавёў у эфіры радыё «Эхо Москвы», што ва Уладзіміра Пуціна «сустрэчы ідуць пастаянна, аднак не ўсе сустрэчы публічныя».

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў