Аляксандр Лукашэнка пра арганізатараў пратэстаў: «майданутых» павыкалупліваць і пакараць


Скандальны дэкрэт аб «дармаедах» паставілі на паузу. Адпаведнае рашэнне было прынятае на нарадзе па актуальных пытаннях развіцця краіны з удзелам кіраўніка Беларусі. Падчас нарады Аляксандр Лукашэнка назваў удзельнікаў акцыяў пратэстаў «гарматным мясам», а арганізатараў «майданутымі».

«Ніякай перашкоды нармальна жыць працоўным быць не павінна. Вы ведаеце, што нашы «майданутыя»

паехалі ў Кіеў шукаць там «майданутых» арганізатараў. Вы ж разумееце, што гэтыя людзі (якія ўдзельнічаюць у масавых акцыях) будуць гарматным мясам, масоўкай. Яны ж не з палітычнымі лозунгамі туды ідуць. А 300–400 чалавек на чале з нашымі адмарозкамі, якія ў Кіеў ездзілі, – яны будуць правакаваць. Яны знойдуць 10–20 прафесіяналаў, якія ў Кіеве адкрылі стральбу. А калі пральецца кроў, тады ўжо бяда. Таму працаваць трэба на папярэджанне. Я кажу гэта публічна», – сказаў кіраўнік краіны.

«У краіне павінен быць наведзены ідэальны парадак. Некаторыя заяўляюць: я прыходзіў на плошчу і яшчэ прыйду. На плошчу чалавеку нельга забараніць хадзіць. Падключыцеся да гэтай працы, бо гэтая праца праваленая ў Менску, абласных, буйных гарадах. Вызначце ў гарадах тую плошчу, на якую людзі могуць прыйсці і выказаць сваё меркаванне. Там будуць начальнікі вертыкалі ўлады», – загадаў Аляксандр Лукашэнка падчас нарады ў Менску.

«Майдану ў Беларусі не будзе. Нават перадумоў да гэтага няма. Але заўсёды трэба працаваць на далёкіх подступах да той ці іншай праблемы», – мяркуе Лукашэнка.

«Нам трэба, як разынкі з булкі, павыкалупліваць правакатараў. І адказваць яны павінны па ўсёй строгасці закона», – заявіў кіраўнік Беларусі.

ЮВ, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў