Аляксандр Лукашэнка: Мая душа – у расейскай мове


Лукашэнка чарговы раз паказаў зняважлівае стаўленне да беларускай мовы.

Гэтым разам у інтэрвю тэлеканалу «Россия 24» кіраўнік краіны паскардзіўся суразмоўцу, што нават калі б і хацеў на роднай мове ўвесь час размаўляць, не атрымаецца, бо, цытата, «у беларускай не заўжды можна знайсці патрэбныя для размовы словы». А расейская, маўляў, значна багацейшая.

«Расейская мова сёння – гэта дабро для нас. Я часта пра гэта кажу, што беларуская мова адносна маладая. Бо ў шмат якіх пытаннях, тэмах, асабліва ў тэрміналогіі (фізіка, хімія, матэматыка і г. д.), у нас папросту няма адпаведных паняткаў у беларускай мове», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Паводле Лукашэнкі, ён ведае беларускую, аднак душа ягоная – у мове расейскай. Таксама як і ў абсалютнай большасці беларусаў, цвердзіць Лукашэнка:

«Тыя, хто крытыкуюць сёння расейскую мову, яны, можа, і не праціўнікі яе, а папросту такім чынам хочуць падняць беларускую мову да ўзроўню расейскай мовы».

Ці то забыўся, ці то не ведаў, але Лукашэнка ні словам не згадаў пра карані роднай мовы ў старабеларускай, якая бярэ свой пачатак у XIII стагоддзі. Прамаўчаў і пра 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, якое днямі святкавалі беларусы. Ды і пра шэраг сучасных адмысловых тэхнічных слоўнікаў і школьных праграмаў, дзякуючы якім выкладаецца і матэматыка, і геаграфія, і фізіка па-беларуску, Лукашэнка расейскаму каналу вырашыў не казаць.

Глядзіце таксама:

Юрый Салодкі, belsat.eu

Стужка навінаў