Аляксандр Лукашэнка хоча рэфармаваць ААН і АБСЕ


«Роля не толькі АБСЕ, але і іншых міжнародных арганізацыяў настолькі прыніжаная, што далей ужо няма куды», – цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Аляксандр Лукашэнка лічыць праблему рэфармавання міжнародных арганізацыяў даўно наспелай. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы са старшынём АБСЕ, першым намеснікам прэм’ер-міністра – міністрам замежных спраў Сербіі Івіцам Дачычам.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што адчувае дваістае стаўленне да АБСЕ. З аднаго боку, паводле Лукашэнкі, гэта вельмі патрэбная арганізацыя, асабліва «сёння, калі ў Еўропе фактычна разгарэўся ваенны канфлікт, фактычна ідзе вайна вайнаі». «З аднаго боку, патрэбная арганізацыя, якія павінны адыгрываць значную ролю менавіта ў арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе, з другога боку – недастатковая роля», – падкрэсліў ён.

У гэтым Лукашэнка бачыць віну самой арганізацыі і найперш кіраўнікоў дзяржаў АБСЕ. «Калі ўжо вайна, то, напэўна, у тэрміновым парадку павінны былі сабрацца кіраўнікі дзяржаў, абмеркаваць гэту праблему і прыняць нейкія захады, рашэнні. Не атрымаецца – хоць бы ў вочы сказаць усё тое, што адзін пра аднаго думаюць. Пакуль гэтага не адбываецца», – адзначыў беларускі кіраўнік.

У той жа час, дадаў ён, АБСЕ «спрабуе» і робіць неабходнае для ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны, наколькі гэта магчыма. «Але, канешне, з тымі паўнамоцтвамі, якія АБСЕ сёння мае, не маючы імпульсу ад кіраўнікоў дзяржаў, наўрад ці АБСЕ ў гэтай сітуацыі можа штосьці зрабіць», – падкрэсліў Лукашэнка.

Таму, лічыць ён, і з’яўляюцца новыя фарматы перамоў: нармандскія, берлінскія, менскія і іншыя. «Усё гэта магло ўмясціцца ў адной арганізацыі – АБСЕ, і гэта яе функцыя», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Івіца Дачыч адзначыў, што Беларусь унесла велізарны ўклад у мірны працэс, бо ў Мінску сустракаюцца трохбаковая кантактная група і яе рабочыя падгрупы, дасягаюцца шматлікія дамоўленасці, пагадненні.

Ён адзначыў, што Сербія, з’яўляючыся старшынёй АБСЕ, стараецца максімальна прыкласці намаганні, каб палітычны працэс развіваўся, асабліва ў пытаннях, звязаных з Украінай, але пры гэтым не забывае і пра іншыя замарожаныя канфлікты ў Еўропе.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары