Аляксандр Ластоўскі: у фота дзяўчыны ў майтках ёсць прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння


Менская міліцыя пачала праверку за здымак паўаголенай дзяўчыны ля помніка Перамогі.

Пра гэта заявіў прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандр Ластоўскі.

«Для мяне тут усё відавочна: неабходна правесці праверку на прадмет наяўнасці тут складу як мінімум адміністрацыйнага правапарушэння. Інфармацыя падрыхтавана і накіравана, пачатая праверка. Цяпер праводзяцца ўсе неабходныя дзеянні. Наколькі я ведаю, апыталі маладога чалавека, аўтара гэтага фотаздымку. Будзем чакаць вынікаў. На мой погляд як асобы, якая не мае права праводзіць адміністрацыйныя працэсы, тут ёсць парушэнне адміністрацыйнага кодэксу паводле артыкулу 17-1 («Дробнае хуліганства«). Што пакажа праверка я, натуральна, не ведаю», – сказаў Ластоўскі .


У сярэдзіне лістапада на сваёй старонцы ў Facebook’у ён павесіў фота дзяўчыны, якая знялася ў майтках каля помніка Перамогі ў Менску. Фота атрымала вялікі розгалас у медыях і сацыяльных сетках.

«Як быць? Зразумець і дараваць ці знайсці і пакараць?» – спытаў ён.

У адказ пасыпаліся сотні каментароў. Ластоўскі адзначыў, што да яго прыйшоў запыт ад аднаго з карыстальнікаў просьбай адрэагаваць. Аднак многія пісалі, што міліцыя павінна заняцца сапраўднымі правапарушэннямі, а не ганяцца за дзяўчынай.

Напрыклад, сваё вырашэнне праблемы прапанаваў фатограф Сяргей Гудзілін.

Праз некалькі дзён Ластоўскі зняў допіс са сваёй старонкі, каб абмежаваць каментары-«разборкі», якія ўжо не датычылі ўчынку.

Мадэль на фота – 21-гадовая Віялета Атаева. Фатаграфіі даступныя на яе старонцы ў Вконтакте. Яна таксама здымалася ў кліпе Brutto «Воіны святла». Ад каментароў наконт сесіі каля плошчы Перамогі дзяўчына адмаўляецца.

ДР belsat.eu паводле  svaboda.org

Глядзі таксама
Каментары