Аляксандр Класкоўскі: Вопыт Плошчы-2006 яшчэ спатрэбіцца


19 сакавіка 2016 года спаўняецца 10 гадоў з пачатку Плошчы-2006. Якой яны была і чым стала для беларусаў? Піша Аляксандр Класкоўскі.

Снежная бура ў цэнтры Менску ўвечары 19 сакавіка 2006 года была такой раптоўнай, гэтак люта зляпіла дэманстрантаў, што ў натоўпе пайшла чутка: рэжым усталяваў на даху Палацу прафсаюзаў снегавыя гарматы.

Але шквал хутка аціх, роўна як пагаслі без наступстваў рэвалюцыйныя прамовы выступоўцаў на Кастрычніцкай плошчы. Удзельнікаў пратэсту супраць дыктатуры і яе фальсіфікацыяў раптам павялі далей ад будынку прэзідэнцкай адміністрацыі – ускладаць кветкі да абеліска Перамогі.

Замест камуністычнага тапоніма – «пляц Каліноўскага»

Гэтая першая сурʼёзная беларуская Плошча (20-30 тысяч удзельнікаў) была шмат у чым спантаннай, наіўнай, нелагічнай і па вялікім рахунку рэжыму не пагражала. Хоць сам па сабе гэтак масавы выхад беларусаў на вуліцу аказаўся нечаканым для афіцыйнага пераможцы тых выбараў і, мабыць, моцна яго ўразіў. Інаўгурацыю пераносілі, на ёй Аляксандр Лукашэнка выглядаў змрочна, хваравіта.

Пры гэтым нечакана ўзніклы на Кастрычніцкай плошчы 20 сакавіка намётавы гарадок палітызаванай моладзі стаў сюрпрызам і для апазіцыйных кандыдатаў – Аляксандра Мілінкевіча, Аляксандра Казуліна. Яны не вельмі пераканаўча спрабавалі стварыць бачнасць каардынацыі дзеянняў і кідалі з прыступак Палацу прафсаюзаў вельмі супярэчлівыя заклікі.

Між тым Лукашэнка, не жадаючы ўдарыць тварам у бруд перад прадстаўнікамі Захаду, некалькі дзён прымаў на сябе гэты дзёрзкі выклік моладзі, якая змяніла камуністычны тапонім на «пляц Каліноўскага» (паводле імені правадыра паўстання супраць царызму ў ХІХ стагоддзі).

Намётавы гарадок зачысцілі толькі ў ноч на 24 сакавіка, калі разʼехаліся замежныя назіральнікі і журналісты. А днём пазней ужо з паказной жорсткасцю разагналі шэсце да ізалятара на вуліцы Акрэсціна (там трымалі ўдзельнікаў намётавага гарадка), схапілі Казуліна. Ён атрымаў пяць з паловай гадоў калоніі, іншыя бунтаўнікі абышліся адміністрацыйнымі арыштамі.

Пратэст быў сімвалічным

Пасля Плошчы-2006 у адрас апазіцыйных лідараў сыпалася крытыка за тое ўскладанне кветак да абеліску: маўляў, злілі пратэст.

Напэўна, гэта была не самая моцная ідэя, але пераможны сцэнар тады, паклаўшы руку на сэрца, наагул не праглядаўся. Лідары казалі, што спадзяюцца на рост колькасці ўдзельнікаў Плошчы з кожным днём, як гэта было на Майдане ў Кіеве, аднак наўрад ці самі ў гэта верылі. Як і ў тое, што ўлады саступяць патрабаванню паўторных выбараў, якое гучала з прыступак Палацу прафсаюзаў.

Ужо 20 сакавіка, на другі дзень пратэстаў, людзей на Кастрычніцкую плошчу прыйшло ўдвая менш, чым напярэдадні. Так што ціснуць на рэжым нарошчваннем масы мірнага пратэсту не атрымалася.

Спробы ж штурму адміністрацыйных будынкаў былі б жорстка спыненыя, сілавікі да гэтага былі гатовыя, упэўнены эксперт менскага аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Валерый Карбалевіч.

«Арганізатары разумелі, што гэты пратэст асуджаны», – заявіў палітолаг у каментары для Naviny.by. Па словах Карбалевіча, для перамогі ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага рэжыму патрэбнае падтрыманне, хоць бы пасіўнае, большасці насельніцтва. «Рэжым жа тады быў на піку магутнасці», – падкрэслівае суразмоўца.

Сапраўды, сярэдзіна 2000-ых потым увойдзе ў гісторыю як тлустыя гады рэжыму. Масква давала шчодрыя субсідыі, беларускія прадпрыемствы з велізарнай маржой перапрацоўвалі танную расейскую нафту, прыбыткі электарату спраўна раслі, грошай хапала і на лядовыя палацы, і на кладку тратуарнай пліткі па ўсёй краіне: вось, амаль Еўропа!

Таму Лукашэнка сапраўды быў даволі папулярны і нават паводле звестак апальнага Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД праводзіў апытанне неўзабаве пасля выбараў-2006) набраў тады больш за палову галасоў (хоць і не столькі, як абвясціў Цэнтрвыбаркам). За Мілінкевіча, паводле НІСЭПД, прагаласавала 18,3 %.

Увогуле, нават сярод тых, якія выйшлі на Плошчу-2006 года, дзе знаходзіўся і аўтар гэтых радкоў, масавага адчування, што перамог не Лукашэнка, а ягоны галоўны супернік, мабыць, не было (хоць абвяшчаліся дадзеныя нейкага экзіт-полу, з якіх як мінімум вынікала неабходнасць другога туру). Людзі выйшлі ў асноўным для сацыяльнага пратэсту – паказаць, што яны не баяцца, хочуць сумленнага падліку галасоў і пераменаў у краіне.

Досвед грамадзянскай мужнасці

Пакуль цяжка прагназаваць, ці будзе ў Беларусі Плошча-2020 ды якім шляхам пойдуць у нас перамены. Але ўрокі Плошчаў 2006 і 2010 года ў любым выпадку карысна асэнсаваць.

І тут у першую чаргу варта сказаць пра элементарныя рэчы – неабходнасць адзінства, наяўнасць рэалістычнай стратэгіі, плану дзеянняў, адказнасць за людзей, якіх мабілізуюць на пратэст.

Штаб адзінага (але дэ-факта не адзінага) апазіцыйнага кандыдата Мілінкевіча больш-менш кіраваў акцыяй у дзень выбараў 19 сакавіка 2006 года, яна завяршылася мірна. Потым жа пачаліся адкрытыя звады з Казуліным, той 25 сакавіка спантанна павёў частку людзей на Акрэсціна, а на дарозе стаялі ў засадзе сілавікі. У 2010-м справа ішла яшчэ горш, восем апазіцыйных кандыдатаў апрыёры не мелі агульнага плану, маніфестантаў проста завялі ў пастку, не змаглі перадухіліць правакацыі.

А ў цэлым для беларусаў, якім хочацца жыць у вольнай краіне, важны ўрок Плошчы-2006 складаўся ў пераадоленні страху.

Напярэдадні тых выбараў высокія чыны ў пагонах палохалі людзей, што іх выхад на вуліцу будзе кваліфікавацца як тэрарызм (пакаранне – аж да расстрэлу). Дзейны кіраўнік краны самаўпэўнена заяўляў: «У нас няма такіх плошчаў, дзе будуць расстаўляць гэтыя палаткі. Гэта я проста гарантую».

Але людзі выйшлі – і ў той вечарам 19 сакавіка псіхалагічна перамаглі тых, хто запалохваў. Гэты вопыт грамадзянскай мужнасці спатрэбіцца, якім бы шляхам ні пайшлі перамены ў Беларусі.

Падаецца са скарачэннямі паводле: Аляксандр Класкоўскі, naviny.by

Глядзі таксама
Каментары