Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнку няма пра што казаць выбарнікам

video

У выбарчай кампаніі афіцыйна абвешчаны новы этап – агітацыя. Пасведчанне кандыдата на прэзідэнта з нумарам адзін атрымала першая ў гісторыі Беларусі жанчына-кандыдатка. Акрамя Таццяны Караткевіч, зарэгістраваныя таксама Мікалай Улаховіч, Аляксандр Лукашэнка і Сяргей Гайдукевіч. Пры гэтым сам Лукашэнка на паседжанні ЦВК не прыйшоў, а праводзіў у гэты час сустрэчу з біятланісткаю Дар’яй Домрачавай, пасведчанне замест яго атрымаў кіраўнік ініцыятыўнай групы Міхаіл Орда.

У выбарчых бюлетэнях сёлета будзе чатыры прозвішчы. Мікалай Улаховіч і Сяргей Гайдукевіч па сутнасці – спарынг-партнёры Аляксандра Лукашэнкі. Урэшце ад Таццяны Караткевіч, якая дэкларуе, што ёсць дэмакратычнаю альтэрнатываю дзейнаму кіраўніку краіны, асноўныя апазіцыйныя сілы адвярнуліся. Прадстаўніца ад кампаніі «Гавары праўду!» заяўляе, што не мае намеру здымацца і збіраецца ісці да канца. Але пры гэтым штаб кандыдаткі прызнаецца, што не разлічвае на перамогу. Шэраг апазіцыйных лідараў у сваю чаргу заявілі пра няўдзел у кампаніі і дамовіліся пра стварэнне супольнай сістэмы назірання за выбарамі.

Госць «Гарачага каментара» – палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. На ягоную думку, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка не прыйшоў на афіцыйную рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнцтва, бо хоча зазначыць, што знаходзіцца ў іншай вагавай катэгорыі і яго не цікавіць перадвыбарчая мітусня. «Ёсць і другі момант, сёлета афіцыйнаму лідару, які ўжо трэцяе дзесяцігоддзе кіруе, фактычна няма пра што казаць выбарнікам. Раней ён проста падвышаў заробкі і пенсіі. А цяпер гэтая крыніца вычарпалася, якая трымалася на расейскіх датацыях і таму фігура маўчання з гэтага гледзішча – таксама лагічная тактыка», – заўважыў адмысловец.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары