Аляксандр Гелагаеў: Абуджэнне ў памежнай зоне


Прапускны пункт на расейскай мяжы

Наступіў той няёмкі выпадак, калі Расея сама спрыяе адбудове беларускай нацыянальнай свядомасці.

Дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў загадаў стварыць памежную зону на мяжы з Беларуссю «для стварэння неабходных умоваў аховы дзяржаўнай мяжы РФ», піша «Интерфакс».

26 траўня 1995 таму адбыўся сімвалічны знос памежнага слупа на мяжы Беларусі і Расеі – пад пацалункі прэзідэнта Беларусі і прэмʼер-міністра РФ Віктара Чарнамырдзіна.

Архіўнае выданне дзяржаўнай газеты

Потым шмат слоў было сказана пра свабоду гандлю і бязмытную прастору паміж двума краінамі, пра «славянскае братэрства» і «адзіны народ».

Аднак чым далей, тым больш аказвалася, што за словамі Масквы пра роўнасць і еднасць на самой справе стаіць зацікаўленасць маскоўскіх чынавенска-алігархічных і сілавых груповак у поўным эканамічным і палітычным падпарадкаванні Беларусі.

Беларусь не атрымала ані энерганосьбітаў па ўнутраных расейскіх коштах, ані поўнага і роўнага доступу на расейскі рынак. Больш за тое, Масква спрабавала практычна шантажом прымусіць Беларусь прадаць такія важныя для краіны прадпрыемствы як Менскі аўтазавод і Менскі завод колавых цягачоў.

Цяпер, пры тым што ў расейскіх дзяржаўных і калядзяржаўных медыях ідзе пачатковы этап інфармацыйнай вайны супраць Беларусі – беларусаў пачынаюць вінаваціць у «нявернасці», папракаюць за тое, што яны хочуць размаўляць па-беларуску, шанаваць сваіх продкаў і іх гісторыю – Расея пайшла на аднабаковае будаўніцтва мяжы з нашай краінай.

Пры тым, што беларускіх беларускіх патрыётаў расейскія шавіністы часцяком называюць «нацыянал-сепаратыстамі», аказваецца, на самой справе гэта Масква ўжо не хоча жыць з Беларуссю разам. Іронія гісторыі.

Адкрыты працэс стварэння мяжы з расейскага боку пачаўся як мінімум у 2014 годзе, калі Расея пачала праверкі пашпартоў на аўтамабільных трасах. Пры гэтым Беларусь не пайшла на такі ж самы крок, верагодна, з палітычна-іміджавых прычын.

Месяц таму аднабаковыя дзеянні РФ раскрытыкаваў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі Уладзімер Андрэйчанка, які падкрэсліў, што Масква дзейнічае без якіх-небудзь кансультацыяў з беларускім бокам.

«Відавочна, што ў Крамлі чакаюць ад Менску, як ад больш слабага боку, саступак на мяжы капітуляцыі. Вынікам беларуска-расейскіх супярэчнасцяў робіцца перспектыва аднаўлення паўнавартаснага памежнага кантролю паміж двума краінамі», – гаворыцца ў прарочай публікацыі мінулага тыдня на партале belarusinfocus.info.

Беларускія памежнікі

Беларусь наўрад ці зможа доўга ігнараваць адкрыта несяброўскія дзеянні вялікага ўсходняга суседа. Не толькі транзіт наркотыкаў і рэгулярнае зʼяўленне ў беларускай крымінальнай хроніцы замежных «гасцей», але і чыста эканамічны разлік патрабуе, каб дзяржава ўзяла пад кантроль усходнюю мяжу.

Згодна з ацэнкамі экспертаў «Belarus Security Blog», страты гандлёвага звароту Беларусі ад кантрабанды даходзяць да $ 500 млн у год. Пры гэтым выдаткі на абсталяванне мяжы складуць $260 млн, а ўтрыманне дадаткова $60-70 млн у год.

Аднак значна даражэй для краіны можа быць адсутнасць рэальнага кантролю за сваймі межамі, як гэта адбылося ў 2014 годзе ў Украіне. Тады ва Украіну пайшла рака зброі, боепрыпасаў, баевікоў, а потым і рэгулярных частак расейскай арміі, што прывяло да анексіі Крыму і цяжкай шматгадовай вайны на Данбасе.

Чытайце таксама:

Бяспека беларускай дзяржавы, з якой звязанае і выжыванне беларускай нацыі, патрабуе і будзе патрабаваць новых выдаткаў, на якія будзе цяжка знайсці грошы без эканамічных рэформаў і стаўкі на прыватную ініцыятыву грамадзянаў.

Аднак можна з упэўненасцю казаць, што перанакіраванне сродкаў з палітычнага пераследу апанентаў на абарону сапраўдных інтарэсаў дзяржавы дапаможа знайсці заўважную частку патрэбных грашовых і кадравых рэсурсаў.

Усё больш адкрыты шантаж з боку Масквы будзе патрабаваць у адказ кансалідацыі ўсяго беларускага грамадства на пазіцыях абароны незалежнасці, і крокі ўладаў насустрач нацыянальна свядомым колам грамадства змогуць даць пазітыўны для дзяржавы і народа эфект.

Беларусь доўгі час спала ў памежнай зоне – злева Захад, справа – Усход. Час прачнуцца, заявіць пра сябе і адбудаваць свае межы.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu, фотаздымкі Ints Kalnins/ Reuters/ Forum,  Tut.by, Deutsche Welle, сайт Мінабароны РБ

Глядзі таксама
Каментары